Уздоўж пешаходнай дарожкі, якая злучае вуліцу Якубава і ДК «Лошыцкі», вядуцца падрыхтоўчыя работы па будаўніцтве роварнай трасы, якая абыдзецца бюджэту больш чым у мільён даляраў. Пра гэта паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».

Начальнік упраўлення архітэктуры і будаўніцтва адміністрацыі Ленінскага раёна Анастасія Асіповіч распавяла, што, згодна з праектам, траса функцыянальна падзеленая на два ўчасткі. Пачалі будаваць першы, транзітны. Ён злучыць Серабранку з вул. Маякоўскага па кароткім шляху. Працягласць веладарожкі з асфальтабетону складзе 1,2 км, шырыня пры двухбаковым руху — 3 м, агульная плошча — 2960 кв. м. Да яе будзе прымыкаць пешаходная зона ў выглядзе тратуараў і пляцовак з дробнаштучнай пліткі плошчай 2310 кв. м.

Побач з існуючым мостам пабудуюць жалезабетонны бэлечны мост на палевых апорах даўжынёй 24,8 м і шырынёй 4,5 м (3 м + 1,5 м для вела— і пешаходнага руху адпаведна) з металічнай агароджай вышынёй 1,3 м. Па завяршэнні яго будаўніцтва старое збудаванне дэмантуюць.

Прадугледжваецца асвятленне ўчастка і ўстаноўка малых архітэктурных формаў (МАФ), інфармацыйных і папераджальных паказальнікаў, а таксама мерапрыемствы па азеляненні.

Рэалізацыя першай чаргі праекта, у тым ліку ўзвядзенне моста, ацэньваецца ў 2 202 000 рублёў (каля 1,1 млн даляраў). На 2016 год выдзелена 50 000 рублёў, якія плануецца асвоіць на падрыхтоўчым этапе. Нарматыўны тэрмін будаўніцтва — 5 месяцаў. Да работ прыступілі ў канцы кастрычніка.

Як паведаміў прараб генпадраднай арганізацыі ГП «ССК № 4 УДМБіД Мінгарвыканкама» Дзмітрый Пурын, праведзеныя арганізацыйныя мерапрыемствы, у тым ліку ўзвядзенне будаўнічага гарадка. Рабочыя падвозяць зямлю для выраўноўвання будаўнічай пляцоўкі, зразаюць раслінны грунт, высякаюць дрэвы і хмызнякі. На аб'екце працуюць каля 10 чалавек, задзейнічаныя 4 адзінкі тэхнікі.

Замоўцам выступае КУП «УКБ Ленінскага раёна г. Мінска». Начальнік будаўнічага ўпраўлення №4 Аляксандр Сузін адзначыў, што шэраг прадугледжаных праектам работ можна выконваць толькі пры пэўнай тэмпературы вонкавага паветра, таму тэмпы будаўніцтва залежаць і ад надвор'я. Пакуль застаецца адкрытым пытанне, ці будуць закрываць гэты ўчастак для пешаходаў: дарожку дэмантуюць, перасоўвацца ўздоўж будпляцоўкі стане не толькі нязручна, але і небяспечна.

Другая чарга праекта — перспектыўная. Яна прадугледжвае будаўніцтва шпацырнага ўчастка даўжынёй 2 км ад веладарожкі ў раёне вуліц Шэпічы і Якубава і далей уздоўж ракі Свіслач з прыпынкамі на пляцоўках адпачынку, абсталяваных МАФ. Працы ацэньваюцца ў 2 690 000 рублёў.

Уздоўж вул. Якубава ўжо некалькі гадоў як пракладзеная веладарожка, а ў Лошыцкім парку, уваход якога размяшчаецца насупраць аднайменнага Палаца культуры, арганізаваны пракат ровараў, маецца невялікая маршрутная сетка. Гэтыя два аб'екта звяжа новая траса.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?