Багатая традыцыямі ў галіне вайсковай прамысловасці Чэхія прымае на ўзбраенне штурмавую вінтоўку CZ806 BREN 2, паведаміў партал czech-army. Пастаўкі новай зброі, вырабленай кампаніяй Ceska Zbrojovka, армейскім падраздзяленням ужо пачаліся.

Штурмавая вінтоўка пад патроны НАТА была распрацавана ў 2015 годзе для замены аўтамата CZ 805 BREN, які з'явіўся ў 2011 годзе. Аднак папярэдняя версія вінтоўкі выклікала скаргі вайскоўцаў з-за свайго высокага кошту, вялікай масы і габарытаў, дрэннага балансу падчас стральбы, складанай працэдуры чысткі.

Новая вінтоўка важыць на паўкілаграма меней — каля 3,3 кг. Як паведамляецца, інжынеры выправілі і іншыя хібы CZ 805 BREN.

Вінтоўка мае модульную кампаноўку - можна хутка памяняць рулю на больш кароткую ці больш доўгую і цяжкую у залежнасці ад задачы.

Такім чынам адна вінтоўка можа мець 4 мадыфікацыі - карабін (кароткую рулю), стандартную, доўгую (для падвышанай трапнасці стральбы) і «кулямётную» (з цяжкай руляй і магчымасцю больш працяглай эфектыўнай стральбы чэргамі).

Магазіны вырабляюцца з празрыстага пластыку, што дае магчымасць заўсёды лёгка кантраляваць колькасць патронаў, якія засталіся.

Чэхія яшчэ ў часы Варшаўскай дамовы была ў сацыялістычным блоку адзінай краінай, якая мела на ўзбраенні стралковую зброю ўласнай распрацоўкі, а не клон савецкага АК-47.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?