Горш за ўсё чыноўнікі рэагуюць на петыцыі, якія ўспрымаюць як палітычныя, і на запыты аб даванні інфармацыі, паведаміў журналістам 1 снежня ў Мінску кіраўнік вэб-платформы «Зручны горад» (petitions.by) Уладзімір Кавалкін, падводзячы вынікі года працы.

«Зручны горад» — гэта некамерцыйная вэб-платформа, дзе беларусы ствараюць і збіраюць подпісы пад зваротамі ў дзяржорганы і арганізацыі. Галоўныя мэты праекта — заахвоціць грамадзян да ўдзелу ў вырашэнні мясцовых праблем, павысіць падсправаздачнасць мясцовых органаў улады і спрыяць развіццю адкрытага дыялогу паміж грамадзянамі і прадстаўнікамі ўлады на мясцовым узроўні.

Па выніках года працы платформы высветлілася, што найлепш са зваротамі працуюць сталічная ДАІ і адміністрацыі раёнаў горада ў частцы вырашэння пытанняў ЖКГ, паведаміў Кавалкін.

Паводле яго слоў, меркаваны палітычны падтэкст і фінансавая справаздачнасць — дзве самыя хворыя тэмы для беларускіх чыноўнікаў, на такія запыты яны адказваюць горш за ўсё.

«Часцей як палітычныя ўспрымаюцца пытанні, звязаныя з бел-чырвона-белым сцягам, сімволікай «Пагоня», з аховай гісторыка-культурных каштоўнасцяў, — сказаў ён. — Не любяць чыноўнікі адказваць на запыты аб даванні каштарысаў, даных аб выдатках бюджэту, справаздач па якіх-небудзь мерапрыемствах і вельмі хваравіта іх ўспрымаюць».

Доля петыцый, пакінутых без адказу, можа дасягаць 30%. З іх 20-25% — часцей за ўсё гэта тэхнічны збой электроннай сістэмы дастаўкі ліста, калі петыцыя губляецца па шляху. І толькі нязначная частка выпадкаў — гэта наўмыснае нежаданне вырашаць пытанне, сказаў Кавалкін. Тут, адзначыў ён, чыноўніку больш выгадна адпісацца, інакш у выпадку адсутнасці адказу ён атрымае спагнанне за парушэнне норм заканадаўства.

Кіраўнік «Зручнага горада» дадаў, што ў наступным годзе на petitions.by з`явіцца рэйтынг адказаў органаў улады. У прыватнасці, на сайце з`явіцца шкала выніковасці адказаў, іх аператыўнасці, формы і змястоўнасці. Таксама з`явіцца рэйтынг дзяржорганаў, і людзі змогуць самі вырашаць, які адказ іх задавальняе больш, а які менш. На падставе адзнак будзе створаны рэйтынг лепшых і горшых міністэрстваў і ведамстваў у плане працы са зваротамі грамадзян.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?