Запушчаны да МКС касмічны грузавік «Прагрэс-МС04» прыкладна праз шэсць хвілін пасля старту з касмадрома «Байканур» перастаў перадаваць на зямлю дадзеныя аб стане сваіх сістэм, піша ВВС.

Getty

«Паведамляем, што сёння пасля пуску ракеты-носьбіта «Саюз-У» з транспартным грузавым караблём «Прагрэс МС-04» з 383-й секунды знікла тэлеметрыя. У цяперашні час спецыялісты «Раскосмаса» высвятляюць сітуацыю», — паведамілі ў «Раскосмасе».

У ЦКП заявілі, што карабель аддзяліўся ад трэцяй ступені ракеты-носьбіта, выйшаў на прамежкавую арбіту і ўзяў курс да Міжнароднай касмічнай станцыі. Пазней з'явілася інфармацыя, што рухавік трэцяй ступені карабля мог выключыцца раней за тэрмін, з прычыны чаго ён не выйшаў на разліковую арбіту.

Пазней «Раскосмас» паведаміў, што страта карабля адбылася на вышыні каля 190 км над цяжкадаступнай бязлюднай гарыстай тэрыторыяй рэспублікі Тува, і большасць фрагментаў згарэлі ў шчыльных пластах атмасферы.

Крыніцы на касмадроме паведамляюць, што пры праходжанні праз атмасферу адбыўся распад карабля на паўтара-два дзясяткі частак.

У «Раскосмасе» падкрэслілі, што «страта грузавога карабля не адаб'ецца на нармальным функцыянаванні сістэм МКС і жыццядзейнасці экіпажа станцыі».

На борце «Прагрэсу» было 2,5 тоны грузу, у прыватнасці, паліва для дазапраўкі МКС, вада і паветра, навуковае абсталяванне і камплектуючыя, кантэйнеры з прадуктамі харчавання, адзенне, медыкаменты і сродкі асабістай гігіены для членаў экіпажа.

Стыкоўка карабля з МКС была запланаваная на 3 снежня 2016 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?