Дзейны прэзідэнт Гамбіі Ях'я Джамэ прайграў выбары, паведаміў кіраўнік выбарчай камісіі краіны Аліе Мамар Нджые. Ён абвясціў перамогу на прэзідэнцкіх выбарах кандыдата ад апазіцыі Адаму Бароў, піша ВВС. 

Ях'я Джамэ. Фото Reuters

Паводле дадзеных камісіі, за Бароў прагаласавалі 45,5% выбаршчыкаў, у той час як кандыдатуру Ях'і Джамэ падтрымалі каля 36,7% тых, хто прыйшоў на выбарчыя ўчасткі.

Ях'я Джамэ, які кіраваў краінай больш за 22 гады, пакуль не зрабіў ніякіх заяў па выніках выбараў. Чакаецца, што ў пятніцу ўвечары ён павіншуе свайго суперніка з перамогай і выступіць са зваротам да грамадзян Гамбіі.

«Гэта ўнікальны выпадак, калі чалавек, які кіраваў дзяржавай на працягу гэтак доўгага часу, прызнаў паразу», — падкрэсліў кіраўнік выбарчай камісіі Гамбіі.

51-гадовы Ях'я Джамэ займаў прэзідэнцкую пасаду з 1994 года. Ён прыйшоў да ўлады ў выніку ваеннага перавароту, у ходзе якога быў зрынуты прэзідэнт Даўда Кайраба Джавара, які кіраваў краінай з 1965 года.

Праваабаронцы крытыкавалі прэзідэнта Джамэ за ганенні на сваіх праціўнікаў.

Зазначым, што Гамбія — адна з трох афрыканскіх краін (апроч Мадагаскара і Намібіі), куды беларусы могуць прыехаць без візы. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?