Вечарам 2 снежня ў Смаргоні 48-гадовая жанчына паведаміла ў хуткую дапамогу пра тое, што яе 49-гадовы муж дома страціў прытомнасць. Медыцынскія работнікі, які прыбылі на месца здарэння, канстатавалі смерць мужчыны.
sk.gov.by
У ходзе правядзення судова-медыцынскай экспертызы спецыялісты ўпраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Гродзенскай вобласці высветлілі, што ў памерлага ёсць множныя пераломы рэбраў і грудзіны з пашкоджаннем унутраных органаў, закрытая чэрапна-мазгавая траўма, а таксама іншыя цялесныя пашкоджанні, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
Гэта сведчыла пра гвалтоўны характар смерці, што разам з іншымі звесткамі, атрыманымі ў ходзе агляду месца здарэння, правядзення іншых следчых дзеянняў і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў дало падставы для завядзення ўпраўленнем Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці крымінальнай справы па факце забойства (п.1 арт.139).
У ходзе далейшай сумеснай працы следчых і аператыўных супрацоўнікаў міліцыі падазрэнні ў здзяйсненні злачынства ўпалі на жонку забітага мужчыны. Устаноўлена, што даведаўшыся пра намер мужа, які працаваў вахтавым метадам, сысці з сям'і, жанчына забрала ў яго пашпарт, не выпускала з дома, ужывала фізічны гвалт.
Абставіны апошняй сваркі паміж мужам і жонкай высвятляюцца. У гэтых мэтах следчыя і супрацоўнікі міліцыі дапытваюць суседзяў, а таксама іншых асоб, якія валодаюць важнай інфармацыяй.
У дачыненні да падазраванай, якая з'яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Раней муж і жонка да крымінальнай адказнасці не прыцягваліся. Расследаванне працягваецца