Генадзь Бураўкін. Фота movananova.by

Генадзь Бураўкін. Фота movananova.by

1. Першае, пра што думаецца, гэта гонар за сваё пакаленне. Гонар за тое, што мы рабілі для Беларушчыны, што мы рабілі для беларускай літаратуры… Хоць ёсць адно горкае адчуванне, што я мог бы зрабіць больш і цікавей. Справа ў тым, што ўвесь час я адкладваў — трохі пазней, трохі пазней, вось пачакаем… А бачыш, як атрымліваецца ў жыцці: прыходзіць час, калі ўжо няма чаго чакаць, калі няма ўжо куды адкладваць…

2. …Выбар у мяне часта быў цяжкі, і я яго рабіў, і выбар гэты часта быў, скажам так, не самы ўдалы, ну, але што зробіш? Жыццё, яно прайшло.

3. Часам трэба рызыкаваць.

4. Самыя светлыя часы ў жыцці — ] юнацтва, калі было каханне, калі было маладое ўніверсітэцкае гуртаванне літаратараў, бо я не помню тады сябе сумным, разгубленым…

5. Тады адносіны да старэйшых былі іншыя. І падтрымка, і ўвага старэйшых былі вельмі важныя для нас. Гэта было вельмі важна, калі сказаў слова Лынькоў, калі сказаў слова Панчанка, калі сказаў слова Брыль, калі сказаў слова Мележ, калі сказаў слова Куляшоў. Гэта як узнагарода была.

6. Я стараўся падтрымліваць таленавітых людзей і, чым мог, дапамагаць ім.

7. Што такое літаратура? Гэта суразмоўца з усім светам. Субяседнік, ва ўсялякім разе, з вельмі вялікай колькасцю людзей.

8. Ведаю, што я паэт шчыры, я паэт, як кажуць, не бяздарны. А астатняга не ведаю.

9. Самае галоўнае шкадаванне: мая работа на Дзяржтэлерадыё скрала ў мяне, як мінімум, тры зборнікі вершаў… А ў той жа час як падумаю: я ж тое-сёе зрабіў, што іншыя не зрабілі б, калі б там былі, на гэтай пасадзе…

10. Былі такія неафіцыйныя прапановы: выступі, асудзі Някляева — і будуць выходзіць твае кніжкі, і будзеш, як кажуць, у пашане. Я адмовіўся, таму што для мяне сяброўства, тым больш сяброўства з выдатным паэтам Някляевым, даражэй.

11. [Я] веруючы. Этапамі — усвядомлена, этапамі несвядома, але ўсё жыццё. Я верую, што ёсць Бог, Вышэйшая сіла, Вышэйшая справядлівасць. А тое, што я не ўцаркоўлены, не хаджу ў царкву — ну, гэта вось такая форма маёй штодзённай веры ў Бога.

12. Я ўсё болей разумею месца мовы ў жыцці народа і ў маім асабістым жыцці. Я ўсё болей разумею значэнне мовы для яднання народа. Канешне, я думаю пра мову і магу пацвердзіць у канцы свайго жыцця: калі не будзе мовы, дык не будзе беларускай нацыі, не будзе беларускага народа.

13. Я мару, імкнуся да беларускай Беларусі. Хачу, каб [яна] была. Але вера гэтая слабая.

14. Тое, што [я павінен быў нарадзіцца] у гэтай краіне, гэта бясспрэчна. Іншай краіны ў мяне няма. А ў той час ці не — божа мой, каб я ведаў, што нас чакае далей, як усё будзе… А так, буду спадзявацца, што не ў самы горшы час.

15. Да тых, хто застанецца, у мяне адна вялікая просьба: берагчы Беларусь, прадаўжаць тое, што зрабілі і не дарабілі яе сыны лепшыя. І спадзявацца, што ўсе мы — і тыя, што былі, і тыя, што будуць, і тыя, што ёсць, — усе мы вечныя. Вечныя ў нашай мове, вечныя ў нашай гісторыі, вечныя ў беларускай зямлі, у беларускім слове.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?