Акруговы суд Дубліна задаволіў хадайніцтва былога ўладальніка ЮКАСа Міхаіла Хадаркоўскага аб размарозцы сродкаў двух інвестыцыйных фондаў на агульную суму больш за 100 мільёнаў еўра, заблакаваных пяць гадоў таму ўладамі Ірландыі, піша ВВС. 

Першым пра рашэнне суда паведаміў сам Хадаркоўскі ў сваім твітары. «Ірландскі суд падтрымаў маю просьбу размарозіць рахунак, які «вісеў» з 2011 года. Хлусня пра «адмыванне» засталася хлуснёй», — напісаў былы кіраўнік нафтавай кампаніі, асуджаны ў Расіі і памілаваны Пуціным у 2013 годзе.

На сайце Хадаркоўскага сказана, што суддзя Цімаці Люсе прызнаў, што сродкі Хадаркоўскага не з'яўляюцца даходамі ад злачыннай дзейнасці.

Інфармацыю аб рашэнні суда Дубліна ў карысць Хадаркоўскага пацвердзіў кіраўнік Міжнароднага цэнтра прававой абароны Андрэй Кандак (цэнтр каардынуе абарону ад пазоваў былых акцыянераў ЮКАСа па даручэнні мінюста Расіі). Ён паскардзіўся на тое, што расійскі бок не быў апавешчаны належным чынам аб пазове Хадаркоўскага і таму не меў магчымасці даць неабходныя доказы аб незаконным паходжанні замарожаных сродкаў, нягледзячы на «гатоўнасць і жаданне».

Больш за 100 мільёнаў еўра захоўвалася ў двух інвестыцыйных фондах у Ірландыі і належалі трасту на востраве Гернсі, чыім бенефіцыярам быў Хадаркоўскі. У 2011 годзе гэтыя грошы былі замарожаныя ірландскім бюро па расследаванні эканамічных злачынстваў на падставе другога прысуду Хадаркоўскаму, вынесеным экс-кіраўніку ЮКАСа ў Расіі ў 2010 годзе.

Слуханні ў акруговым судзе Дубліна пачаліся 21 лістапада 2016 года. Выступаючы ў пачатку працэсу, адвакат Хадаркоўскага Рэмі Фарэл казаў, што ірландскае бюро па расследаванні эканамічных злачынстваў «здаецца, адзіная дзяржустанова ў цывілізаваным свеце», якая лічыць юрыдычна апраўданымі прысуды Хадаркоўскаму.

У адказ прадстаўнік паліцыі Майкл Макдаўэл заявіў, што грошы ад здзелак ЮКАСа маглі паступіць у Ірландыю праз сетку трастаў, а закон аб супрацьдзеянні адмыванню грошай абавязваў Хадаркоўскага даказваць адсутнасць злачынных схем пры пераводзе грошай. Адвакат пярэчыў: падазрэнні аб злачынным паходжанні грошай грунтаваліся толькі на прысудах расійскіх судоў.

Сам Хадаркоўскі казаў, што хоць замарожаная ў Ірландыі сума для яго не крытычная, ён займаецца грамадскай дзейнасцю, і гэтыя грошы былі б для яго нялішнімі.

Каментуючы рашэнне суда ў сваю карысць, экс-кіраўнік ЮКАСа паабяцаў выдаткаваць частку размарожаных сродкаў на рух «Адкрытая Расія», які ён заснаваў пасля вызвалення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?