У Мінску прадстаўнікі ГЗЦ «Galleria Minsk» паказалі журналістам, як выглядае новы гандлёвы цэнтр на Нямізе. Крамы распачнуць працу ўжо 10 снежня, а афіцыйнае адкрыццё запланаванае на 17 снежня.

Інвестыцыі ў новы мінскі гандлёвы цэнтр склалі каля 150 млн даляраў. Каля 30% былі ўкладзеныя інвестарамі, астатнія ж 70% узяў на сябе «БПС-Сбербанк». Комплекс мае плошчу 54,5 тысяч кв.м., уключае 8 паверхаў, гатэль «DoubleTree by Hilton» і шматузроўневы паркінг.

Стваральнікі «Galleria Minsk» ставяць перад сабой мэту перацягнуць аматараў ездзіць на закупы ў Польшу і Літву. Для гэтага, у тым ліку, будзе адкрытая першая польская крама моладзевага адзення «Reserved». Яе адкрыццё плануецца на вясну 2017 года.

Распрацоўшчыкам лагатыпа стаў беларускі мастак Уладзімір Цэслер. Інтэр'ерам займаліся англічане з дызайн-студыі Alexander James.

Усяго для наведвальнікаў будуць адкрытыя 8 паверхаў. На -1 паверсе будзе знаходзіцца «Еўраопт» класа Super. Распрацоўшчыкі патлумачылі, што гэта будзе зусім новая па канцэпцыі крама: маючы клас люкс, яна будзе даступная для ўсіх кашалькоў, у ёй падкарэктаваная сістэма разліку на касах і г.д.

З першага па пяты паверх, акрамя другога (там знаходзіцца паркінг), будуць крамы з касметыкай, фэшн-галерэямі, дзіцячым адзеннем, спартыўнымі таварамі і тэхнікай.

Адкрыецца і «Cropp» — яшчэ адзін папулярны сярод беларускай моладзі польскі брэнд. Таксама сярод вядомых брэндаў адзення будуць LC Waikiki, Sister's, «Тваё», Vince Moda, Rylko, Mothercare i г.д.

На шостым паверсе будзе фуд-корт. Пакуль ён прадстаўлены трыма кафэ — «Мама Дома», «Salateira» і беларускім аналагам «Subway» — «SUB'S». У бліжэйшы час спіс кафэ павінен папоўніцца.

Юлія Кур'ян-Касцюкевіч — адна з уладальніц сетак кафэ «Мама Дома».

На сёмым паверсе размяшчаецца тэраса, якая будзе адкрытая ўжо вясной.

«Galleria Minsk» некалькі разоў пераносіла сваё адкрыццё. Але нават сёння далёка не ўсе месцы ў гандлёвым цэнтры занятыя. Па словах інвестараў, гэта часовая з'ява, і ў хуткім часе колькасць арэндатараў пашырыцца. Пры гэтым гандлёвы цэнтр лічыць, што цэны ў крамах будуць даступныя для 95% беларусаў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру