Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка патрабуе забяспечыць выкананне нацыянальных інтарэсаў Беларусі пры прыняцці Мытнага кодэкса Еўразійскага эканамічнага саюза. Пра гэта ён заявіў сёння на нарадзе па праекце дамовы аб Мытным кодэксе ЕАЭС, паведамляе БелТА.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь з'яўляецца экспартаарыентаванай краінай, але ў той жа час шмат што імпартуецца. «Мытны кодэкс — якраз той дакумент, які перш за ўсё рэгулюе гэтыя адносіны. Мы заўсёды кажам, што экспарт для нас жыццёва важны. Ён прыносіць у краіну валюту і забяспечвае жыццё нашых людзей», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Таму гэты дакумент павінен быць абсалютна вывераным. І пасля яго ўступлення ў сілу ніводны грамадзянін Беларусі, і я ў тым ліку, не павінны задаць пытанне ўраду, які перш за ўсё выпрацоўваў і ўзгадняў гэты дакумент, што ж мы маем на самай справе і чаму дзесьці стала горш, чым было, — падкрэсліў беларускі лідар. — Якім бы Мытны кодэкс ні быў кампрамісным (не выключаю, што дзесьці магчымыя кампрамісы), але пагаршаць тую сацыяльна-эканамічную сітуацыю, якая існуе ў Беларусі, нам ні ў якім разе нельга».

«Усё павінна быць прадумана, выверана ў міністэрствах, ведамствах, аблвыканкамах. Калі трэба, у гар-, райвыканкамах. Трэба прыцягнуць усіх спецыялістаў, аж да апазіцыйна думаючых, як мы іх часта называем. Давесці да іх гэтыя палажэнні, да грамадзян нашай краіны неадкладна, каб яны маглі адрэагаваць і сказаць, што нам выгадна, а што не», — даручыў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што разгляданы дакумент з'яўляецца вельмі сур'ёзным для краіны. «Я звяртаю такую ўвагу на новы Мытны кодэкс, таму што ў нас былі пытанні да той сістэмы, якая сёньня існуе па старым Мытным кодэксе. І я не аднойчы цяперашняму прэм'ер-міністру задаваў пытанні, паколькі ён у нас быў кіраўніком перамоўнай групы ад Беларусі. Таму ўсё павінна быць улічана», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Адпаведны дакумент, паводле слоў кіраўніка краіны, плануецца падпісаць на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета 26 снежня ў Санкт-Пецярбургу. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што да прыняцця ім рашэння ад Беларусі хацеў бы пачуць меркаванні адказных службовых асобаў і асабліва тых, хто паставіць свой подпіс у якасці візы пад праектам дагавора. «А гэта ўсё члены ўрада і вышэйшыя службовыя асобы», — удакладніў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0