У клюбе «Грай» названыя ўладальнікі музычнай прэміі ад парталу Tuzin.fm

«Адкрыцьцём году» у беларускай музыцы названы гурт Intelligency.

Праект Ўсевалада Доўбні й Юрыя Тарасевіча вызначае свой стыль, як «тэхна-блюз», спалучаючы электронную і гітарную музыку. Летась музыкі былі названыя «надзеяй году». Пры самым канцы 2015-га яны цалкам апраўдалі ўсе авансы, калі выдалі першы студыйны альбом «DoLoven» на ангельскай мове з масай гітоў. Посьпех падмацавалі сёлета яшчэ адным рэлізам — беларускамоўным міні-альбомам «Мова». І, канечне, жывымі выступамі пашыраным складам (а часам з удзелам струннага квартэту), якіх у гурта было багата — як у цэнтры Менску на фэсьце вулічнай музыкі і на сольных канцэртах у Беларусі, так і за мяжой: яны прайшлі адбор «Басовішча», трапілі ў лайн-ап Halfway Festival у Польшчы, «Джаз Коктебель» і «Файне місто» ва Ўкраіне.

Узнагароду Intelligency уручыла Pauline, якая была пераможцай у гэтай намінацыі летась.

У намінацыі «Героі году» сёлета быў адзначаны за музычную актыўнасьць гурт Vuraj і дадаткова ягоны лідэр Сяргей Доўгушаў — за актыўнасьць грамадзкую.

Сяргей вядомы таксама як вядоўца «Сьпеўных курсаў», а яшчэ як музычны мэнэджар. На рахунку Доўгушава-арганізатара два сур’ёзныя праекты — «Песьні і найгрышы вясельля вёскі Лявонпаль і яе навакольляў» і «Песьні матчыны з Вушаччыны». Разам з Vuraj музыка няспынна экспэрымэнтаваў — на Новы год быў прэзэнтаваны дуэт з CherryVata, увесну — супольны рок-гіт з Re1ikt, а на адным з канцэртаў Доўгушаў наогул выступіў вакалістам «рэліктаў». З рэлізаў гурту — пры канцы 2015-га яны выдалі міні-альбом «Шэсьць загадок», на самым пачатку году — сынгл «Сьвяты вечар» з заклікам не падзяляць народныя песьні на паганскія і хрысьціянскія. А ўвосень выйшаў сынгл «Ой, лятала» — музыкі апрацавалі і запісалі ўлюбёную песьню Рыгора Барадуліна. Узімку прэзэнтавалі яшчэ адну новую песьню — «Łastovka».

Пераможцаў абвесьціў удзельнік гурту «Крамбамбуля» — папярэдніх «Герояў году» Алесь-Францішак Мышкевіч.

Таксама былі ўзнагароджаны пераможцы мэгатуру на Tuzin.fm: гурт Irdorath — за «Песьню году» і «Альбом году» ды гурт Rahis за «Кліп году».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?