Жыхар Мінска спрабаваў ухіліцца ад памежнага кантролю, схаваўшыся ў прыбіральні турыстычнага аўтобуса, паведамілі БелТА ў прэс-службе Брэсцкай памежнай групы.

Выпадак адбыўся 12 снежня ў пункце пропуску «Макраны». Падчас кантролю турыстаў, якія ехалі з Украіны ў Беларусь, брэсцкія памежнікі выявілі ў санітарным адсеку транспартнага сродку мужчыну. Такім чынам ён хацеў пераехаць мяжу без дакументаў. Парушальнікам аказаўся 32-гадовы мінчук, які з'яўляецца кіроўцам аўтобуса сталічнай турфірмы.

Двума днямі раней ён вёз пасажыраў на гарналыжную базу адпачынку «Букавель». Паблізу Львова трапіў у ДТЗ. Дастаўкай пасажыраў заняліся іншыя транспартныя кампаніі, а кіроўца па сямейных абставінах паспяшаўся вярнуцца дадому. Перасеў на спадарожны аўтобус, а пашпарт забыўся на месцы аварыі. Не знайшоўшы дакумента, мінчук вырашыў пераехаць мяжу нелегальна.

За замах на незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы (арт. 23.29 Каап) мужчына прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў 20 базавых велічынь. «Пакарання можна было б пазбегнуць, калі б малады чалавек першапачаткова ў пункце пропуску заявіў аб адсутнасці дакументаў, не прадпрымаючы спробу падмануць кантрольныя службы. У гэтым выпадку яго дзеянні кваліфікаваліся б як парушэнне рэжыму дзяржаўнай мяжы з адміністрацыйнай адказнасцю ў выглядзе папярэджання», — растлумачылі ў прэс-службе Брэсцкай памежнай групы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0