Больш за 25 беларускіх спартсменаў і трэнераў атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды за дасягненне высокіх вынікаў на І Еўрапейскіх гульнях 2015 года ў Баку, XXXI летніх Алімпійскіх, XV летніх Паралімпійскіх гульнях 2016 года ў Рыа-дэ-Жанейра і значны асабісты ўклад у развіццё фізічнай культуры і спорту. Адпаведны ўказ № 450 Аляксандр Лукашэнка падпісаў 13 снежня.

Як паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды па інваспорце Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па паралімпійскіх і дэфлімпійскіх відах спорту Ігар Бокій, спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды па скачках на батуце Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па прыкладных відах спорту Уладзіслаў Ганчароў узнагароджаны ордэнам Айчыны ІІІ ступені.

Ордэн Пашаны атрымаў спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды па плаванні Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па водных відах спорту Аляксандра Герасіменя, спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды па цяжкай атлетыцы Міністэрства спорту і турызму Дар'я Навумава і прафесійны спартсмен па настольным тэнісе спартыўнага клуба «Факел Газпром» Уладзімір Самсонаў.

Трэнер-доктар нацыянальнай каманды па стральбе кулявой Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па прыкладных відах спорту Валерый Бялан і галоўны трэнер нацыянальнай каманды па інваспорце Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па паралімпійскіх і дэфлімпійскіх відах спорту Марыя Грыгаран узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі».

Указам таксама прысвоены ганаровыя званні заслужанага майстра спорту і заслужанага трэнера Беларусі.

Нагадаем, на XXXI летніх Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанейра беларуская каманда паказала горшы вынік у суверэннай гісторыі (з 1996 года). На рахунку атлетаў 9 узнагарод: 1 залатая, 4 сярэбраныя і 4 бронзавыя. У агульным неафіцыйным медальным заліку краіна заняла 40-е месца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?