posterВальлі (WALL•E)
ЗША, 2008, каляровы, 103 хв.
Рэжысэр: Эндру Стэнтан
Жанр: Анімацыйная фантастычная камэдыя-мэлядрама
Адзнака: 8 (з 10)

Маленькі робат Вальлі спраўна працуе на Зямлі, якую людзі пераўтварылі ў аграмадную сьметніцу. Неахайнікі пакінулі плянэту, якую цяпер ачышчаюць робаты. Кампанію Вальлі складае толькі вісклівы прусак, але герой ня вельмі сумуе. А калі на зямлю спусьціцца рабатэса Ева, якую прыслалі з сакрэтным заданьнем, нагоды для суму будзе яшчэ меней. Парачка робатаў мусіць даставіць на карабель зялёную расьліну – дый дапамагчы бесталковым людзям вярнуцца дадому…

Чарговая карціна студыі “Піксар” – гэта сьвята анімацыі. Героі ня проста выглядаюць, як жывыя – гэта пацешныя істоты з сваім характарам, звычкамі і нягодамі, з сваёй душой. Кампутарная карцінка пазбаўленая ўсялякай машыннай штучнасьці, а сьмяцяр Вальлі з агенткаю Евай выглядаюць рамантычнаю парачкай, якая любіць м’юзыклы, таньчыць і зьдзяйсьняе пацешна-геройскія ўчынкі.

Вальлі зь вялізнымі вачыма – гэта шальны робат з “Кароткага замыканьня” і Вудзі Алэн у адным флаконе, палюбоўнік-недарэка з вогнетушыцелем; дасьціпны мужчына рабатэсінай мары, здольны дзеля каханай на ўсё. Ева – жанчына-вамп, агентка і Ліліян Гіш зь фіялетавым позіркам.

Кампанія гратэскна-прыдуркаватых машынак адцяняе зорную пару, як мага эфэктней.

Эндру Стэнтан – аўтар “Гісторыі цацак” і “У пошуках Нэма” – як заўжды расквеціў гэтую выбітную стужку для ўсёй сям’і забаўнымі спасылкамі й сур’ёзнымі намёкамі.

Атлусьцелыя людзі на касьмічным караблі, якіх кормяць машыны (“Новыя часы” дый антыўтопіі Гаксьлі). Шальны двубой камандзіра й штурвала (прывітаньне “Касьмічнай Адысеі”). Карцінкі пад Ван Гога, Сэра і Рэнуара на фінальных надпісах. І чаплінаўскі дотык напрыканцы стужкі.

У карціне амаль няма дыялёгаў. Гэта м’юзыкал – і гэта нямое кіно. Гэта плястыка жэстаў і масак. Гэта цуд адушаўленьня – і спраўная навука для людзей, якія згубілі сэрца.

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?