Сувязь 4G стане даступная ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі 23 снежня, паведаміў на прэс-канферэнцыі 14 снежня ў Мінску генеральны дырэктар інфраструктурнага аператара beCloud Сяргей Паблагуеў.

Паводле яго слоў, паслугамі 4G змогуць скарыстацца абаненты мабільнага аператара «МТС» Гомеля, Брэста, Віцебска, Магілёва і Гродна. Пашырыцца пакрыццё LTE-сеткі ў Мінску, яна з'явіцца ў прыгарадах сталіцы — Ждановічах, Ратамцы, Калодзішчах, Сеніцы, Стайках, Тарасаве і іншых прыгарадах.

Як абяцае beCloud, усяго праз месяц, у студзені 2017-га, сетка LTE-Advanced (4G) запрацуе таксама больш чым у трыццаці рэгіёнах — Барысаве, Бабруйску, Маладзечне, Баранавічах, Салігорску, Пінску, Кобрыне, Пружанах, Лідзе, Мазыры, Добрушы, Шклове, Оршы, Полацку, Наваполацку, Браславе, Лепелі, Верхнядзвінску і іншых гарадах. Сталічныя і рэгіянальныя базавыя станцыі LTE будуць працаваць у дыяпазоне 1.800 МГц (пры далейшым развіцці сеткі будзе выкарыстоўвацца дыяпазон 2.600 МГц).

Сетку LTE Advanced у Беларусі запусцілі ў камерцыйную эксплуатацыю 17 снежня 2015 года. Яе будаўніцтвам займаецца першы інфраструктурны аператар beCloud для наступнага падавання яе ў карыстанне ўсім зацікаўленым аператарам. Пакуль тэхналогія 4G была даступная толькі ў Мінску, і на гэты момант зацікавіліся падаваннем паслугі па гэтай тэхналогіі аператары «МТС» і life:).

На прэс-канферэнцыі было абвешчана, што на гэты момант у «МТС» каля 170 тысяч абанентаў 4G. Аператар life:) пачаў камерцыйную эксплуатацыю паслуг на базе LTE (4G) толькі ў верасні 2016 года. Звесткі пра колькасць яго абанентаў 4G прадстаўнікі beCloud на прэс-канферэнцыі назваць не змаглі.

У сваю чаргу яшчэ адзін найбуйнейшы беларускі мабільны аператар velcom неаднаразова заяўляў, што ў выпадку атрымання дазволу ад дзяржавы і пры наяўнасці ліцэнзіі гатовы ў самыя кароткія тэрміны запусціць 4G самастойна.

Між тым, як было абвешчана прадстаўнікамі beCloud, патэнцыйна ў недалёкай будучыні 4G будзе даступны больш як пяці з паловай мільёнам беларусаў, або 75% гарадскога насельніцтва краіны. У прыватнасці, да канца 2017 года beCloud плануе забяспечыць LTE асноўныя буйнанаселеныя гарады. У перспектыве 4G можа з'явіцца ва ўсіх раённых цэнтрах.

Як паведамілі прадстаўнікі beCloud, значная цікавасць да тэхналогіі пацвярджаецца штомесяц усё большай актыўнасцю карыстальнікаў. З моманту запуску LTE-сеткі сярэднясутачны трафік, генераваны карыстальнікамі, вырас больш чым у шэсць разоў — да 28 тэрабайт. Сумарны трафік за год працы сеткі ў сталіцы перавысіў 4,5 петабайта, ці 4 тысячы 608 тэрабайт.

Long Term Evolution (LTE, 4G) — перспектыўнае (чацвёртае) пакаленне мабільнай сувязі, якое характарызуецца высокай хуткасцю перадачы звестак і павышанай якасцю галасавой сувязі. Сетка чацвёртага пакалення дазваляе забяспечыць хуткасць перадачы даных у 5—15 разоў вышэй, чым 3G.

СТАА «Беларускія воблачныя тэхналогіі» (beCloud) — інфраструктурны аператар, створаны на падставе ўказа прэзідэнта 19 снежня 2012 года. Дзейнасць beCloud заключаецца ў праектаванні, будаўніцтве, аснашчэнні і эксплуатацыі апорнай сеткі перадачы даных для Адзінай рэспубліканскай сеткі перадачы даных; рэспубліканскага цэнтра апрацоўкі даных; сеткі чацвёртага пакалення LTE; участка транзітнай магістралі сеткі электрасувязі па тэрыторыі Беларусі.

beCloud будзе абслугоўваць сетку, размяркоўваючы паміж аператарамі на роўных умовах доступ да інфраструктуры. Пры гэтым ён не будзе працаваць з абанентамі наўпрост: паслугі і тарыфы на іх вызначаць самі аператары. Скарыстацца паслугамі beCloud змогуць не толькі мабільныя аператары, але і кампаніі, якія жадаюць стаць віртуальнымі аператарамі, а таксама інтэрнэт-правайдары без галасавой сувязі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?