Следчы камітэт выставіў абвінавачванне 22-гадоваму кіроўцу з Пінска, які пад уздзеяннем наркотыкаў збіў на пешаходным пераходзе жанчыну, паведаміла БелТА афіцыйны прадстаўнік УСК па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова.

Дарожна-транспартнае здарэнне адбылося ў цэнтры горада ў канцы восені. Кіроўца аўтамабіля «Опель Вектра» ўчыніў наезд на 42-гадовую мясцовую жыхарку, якая ішла па нерэгуляваным пешаходным пераходзе. У выніку аварыі пінчанка атрымала траўмы галавы і была шпіталізаваная. Цяпер яна ўжо выпісаная з бальніцы дадому. Судова-хімічныя даследаванні паказалі, што кіроўца ў момант здзяйснення ДТЗ знаходзіўся пад уздзеяннем марыхуаны. На падставе гэтага Пінскі міжраённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу па ч. 4 арт. 317 КК (парушэнне ПДР асобай, якая кіравала аўтамабілем у стане наркатычнага ап'янення, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання).

Падазраваны быў затрыманы і заключаны пад варту. Яму выстаўленае абвінавачванне. Дапытаныя ўдзельнікі ДТЗ і сведкі, праведзены следчы эксперымент. Для высвятлення ўсіх абставінаў таго, што адбылося, прызначана аўтатэхнічная і судова-псіхіятрычная экспертызы. Абвінавачаны нідзе не працуе, раней ён прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за незаконны абарот наркотыкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0