У рэдакцыю «Нашай Нівы» прыйшла скарга ад настаўнікаў гомельскай сярэдняй школы №32. Па іх словах, педагогаў прымушаюць уступаць у рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Белая Русь».
Гомельская школа №32
Настаўнікі сцвярджаюць, што адміністрацыя школы правяла сход, на якім параіла ўступіць у «Белую Русь» пад пагрозай звальнення.
Пра тое, што сход быў і педагогам сапраўды прапанавалі членства ў арганізацыі, пацвердзілі і ў школе.
Але ж дырэктарка Ала Нікіфарава сцвярджае, што гэта была проста прапанова, нічога больш.
«Прымушаць людзей супярэчыць і статуту «Белай Русі» і маім функцыянальным абавязкам. Таму я проста прапанавала калектыву. Ніхто нікога нават не прасіў, проста прапанавалі, — кажа Нікіфарава. — Калі настаўнік не хоча — то і не трэба. Такія ёсць, што вы думаеце, ўсе ўзялі і пабеглі ў «Белую Русь»? Не хочаш — не ідзі. Ёсць настаўнікі, якія катэгарычна не хочуць уступаць — гэта іх права».
Сама Нікіфарава з’яўляецца чальцом «Белай Русі» з 2008 года.