У лістападзе 2016-га студыя анімацыйных фільмаў завяршыла працу над двухсотым мультфільмам. Ім стала першая частка новай карціны «Зоркі сёмага неба» па кнізе Генадзя Давыдзькі. Гэта будзе першы беларускі анімацыйны мюзікл, піша БелТА.

Згодна з сюжэтам, таленавіты навуковец вынаходзіць новы суперкамп'ютар, які абяцае ўсіх людзей зрабіць шчаслівымі. Але ў высакародную ідэю ўмешваецца злосны чарвяк. З дапамогай вынаходкі навукоўца ён прарываецца ў рэальны свет і разрастаецца ў монстра. Ахінае ўсю зямлю і закрывае яе шасцю нябёсамі. На кожным з іх селіць сваіх падначаленых — Разлюляя, Вялікарла, Баюшку, Наглюку, Сытуху і Страх, ператвараючы іх у суперзорак.

Людзі глядзяць на гэтых суперзорак, пакланяюцца ім і, забыўшыся пра сапраўдныя зоркі, перастаюць марыць. І тады феі, якія жывуць на гэтых зорках на сёмым небе, адпраўляюцца на зямлю, каб знайсці летуценніка, які дапаможа пазбавіцца ад жудасных монстраў.

Над фільмам працягласцю 13 хвілін працавалі каля 50 чалавек на працягу 11 месяцаў. Рэжысёрам выступіла Алена Турава. Мультыплікацыйных персанажаў агучылі Тэа, Святлана Бень, Дзяніс Дудзінскі і Дзядзя Ваня.

У будучым анімаваным мюзікле запланавана 5 частак. Пакуль скончаная праца над першай часткай. Але, па словах Алены Туравай, паказваць карціну часткамі не плануецца. Цалкам праца павінна завяршыцца ў 2019 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0