Раніцай 17 снежня памёр пісьменнік і даследчык сталінскіх рэпрэсій Леанід Маракоў.

Раніцай 17 снежня памёр пісьменнік і даследчык сталінскіх рэпрэсій Леанід Маракоў.

Неяк я напісаў Леаніду Маракову. Цікавіўся, дзе можна купіць ягоную кнігу — шукаў звесткі пра бабуліных бацькоў (чуў, што ён пісаў і пра іх).

— Позвоні мне, — прыйшоў адказ з нумарам тэлефона.

Ну, я і патэлефанаваў. Пару хвілін мы гаварылі пра маіх продкаў і пасля гадзіны паўтары — пра Леаніда. У асноўным пра тое, што яго тут не цэняць, не любяць. Ён доўга распавядаў пра лайкі ў фэйсбуку — з усяго зямнога шара, пра тое, што яго запрашаюць жыць і працаваць у Англіі і што ён падумвае, хаця і не хоча.

Паўтары гадзіны слухаць пра недаацэненасць малазнаёмага чалавека, пагадзіцеся, вельмі цяжка. Я не ведаў куды мне падзецца і як закончыць размову, а ён не хацеў яе заканчваць. Не цэняць, не любяць, не любяць не цэняць. Ягоная праца нікому тут не патрэбна. Нікому не патрэбна ягоная праца тут. Тут праца патрэбная нікому ягоная не. Мы спрачаліся, але ён не спрачаўся, ён нібыта надыктоўваў. Безапеляцыйна. Запрашаў прыехаць, я пагадзіўся, але ведаў, што не прыеду: буду любіць яго праз фэйсбук.

Калі я даведаўся, што Леанід захварэў — я збіраўся наведаць яго «у пятніцу». А «у чацвер» Вадзім Пракопчык сказаў, што ехаць няма куды — перавялі ў рэанімацыю і не пускаюць.

Сёння Леанід памёр.

Я вам неяк казаў, што я не сентыментальны? Пі…ў, канешне ж.

Зараз я чую ў вушах ягоны голас. Як ён расцягваў словы. Так значна і важка. Як ён адразу перайшоў на ты і сказаў мне, што я, наогул, ні ў чым нічога не разумею, хоць і «таленавіты хлопчык».

Я чую той голас, тыя словы і разумею, што ён ні ў чым не памыляўся. Не цанілі, не любілі. «Не было патрэбна», ці, прынамсі, не сказалі, як было патрэбна.

З сумнай усмешкай можна сказаць, што ставілі мала лайкаў, бо нам, ахвярам фэйсбучыка заўсёды шкада віртуальных бясплатных знакаў жывому і не адсыпаць поўную меру — мёртваму.

Леанід жыў у гэтым пачварным доме на Нямізе ў цэнтры тужлівага па сваім настроі і такога любімага горада у невыносны для такога чалавека час. Недалюблены, неспазнаны — складаны, прыгожы і крыху болей за астатніх непаўторны чалавек.

Сустракайцеся адзін з адным. Абдымайцеся, кранайце за рукі. Гладзьце па галовах. Фатаграфуйцеся. Дарыце адзін аднаму усялякую фігню. Дыфузія — гэта тое, што павіна быць «пра людзей». Узаемапранікайце, інакш будзе балюча і сумна. Кожны раз. Кожны раз.

Я Леаніда так і не пабачыў, бо я быў і ёсць ідыётам, які не бачыць важнае ва ўпор і якога час не ў стане пераканаць у тым, што мы не жывем у вечнасці. Што час трэба напаўняць іншымі людзмі. Калі не для іх, то для сябе. Каб не пісаць пасля, як я: мне застанецца на памяць толькі ягоны голас і нумар тэлефона, на які не пазваніць.

 

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?