У снежні 1991-га 1/6 частка сушы канчаткова стала постсавецкай. За дваццаць пяць гадоў новыя краіны набылі рысы паўнацэнных нацыянальных дзяржаў. Разыходжанне ў практыках розных постсавецкіх дзяржаў ZEIT Online апісаў праз праблему савецкай спадчыны, якая ў той ці іншай ступні захоўвае сваю прысутнасць. Як постсавецкія краіны абыходзяцца са сваёй нядаўняй супольнай мінуўшчынай?

Каб разабрацца ў гэтым, выданне — супольна з фондам Кёрбер — запрасіла выказацца мясцовых экспертаў. Так паўстала серыя «Спадчына Савецкага саюза». Беларускі выпуск серыі выйшаў 14 снежня, ён пяты па ліку — пасля расійскага, латвійскага, украінскага і азербайджанскага.

Няма сэнсу падрабязна занадта спыняцца на тэкстах, бо іх задача — перадаць нямецкаму чытачу тыя ці іншыя бачанні і самаапісанні мясцовых грамадстваў, якія беларускай публіцы збольшага вядомыя з першакрыніц.

Георгій Касьянаў, пішучы пра Украіну, жорстка крытыкуе тамтэйшую дэкамунізацыю. Тое, што раней было нязначным, не прыцягвала ўвагі, робіць выснову Касьянаў, у выніку «актраіраванага» закона аб дэкамунізацыі раптам набыло вагу і стала часткай штодзённай камунікацыі многіх людзей. Гэтая ўнутраная супярэчнасць — рэактуалізацыя камуністычнай спадчыны праз дэкамунізацыю — хавае за сабой вялікую небяспеку. Напрыклад, яе часткай стала апраўданне нацыяналістычных, этнічна эксклюзіўных наратываў. Няўклюднасць украінскага ўрада ў дачыненні да гістарычнай палітыкі выклікае тым большае здзіўленне і заклапочанасць, калі ўзяць пад увагу, што «гістарычныя аргументы актыўна выкарыстоўваліся рускім бокам, каб ідэалагічна абгрунтаваць анексію Крыма».

Аляксей Мілер у артыкуле пра Расію канцэнтруецца на «руінах савецкай нацыянальнай палітыкі» і інтэлектуальных дыскусіях «заходнікаў», што вяліся за савецкім часам у дысідэнцкіх колах. Гісторык настойвае: хаця ідэя інтэграцыі Расіі ў заходні свет аблудная, праеўрапейская інтэлектуальная традыцыя павінна і ў далейшым служыць арыенцірам для грамадства.

(Чытачы «Нашай Нівы», дарэчы, ведаюць абодвух аўтараў — параўнальна нядаўна яны выступалі ў Мінску на адкрытай дыскусіі і забяспечылі там інтэнсіўнасць спрэчкі.)

Цікава вырашаецца пытанне аб «савецкай спадчыне» у артыкуле пра Латвію, дзе галоўнай тэмай становіцца вялікая грамада не-грамадзян. А артыкул пра Азербайджан пачынаецца словамі «незалежнасць Азербайджана ад СССР была цяжка заваяваная»: чытачы кніг Навумчыка ўсміхнуцца на гэтым месцы.

БССР vs. Беларусь

Аўтарам артыкула пра Беларусь стаў супрацоўнік BISS Дзяніс Мельянцоў. Ён пабудаваны крыху іначай: канстатуецца агульнае становішча ў той ці іншай галіне ў 1991-м і потым паказваецца далейшая дынаміка. Артыкул называецца «Доўгае развітанне з БССР».

Напрыклад, пішучы пра эканоміку, Мельянцоў паказвае яе прыблізную структуру ў эпоху БССР. «Зборачны цэх» Саюза быў кепска падрыхтаваны да самастойнага існавання, у выніку чаго галоўнай мэтай эліт стаў пошук магчымасцей абнаўлення «гаспадарчых сувязей» у новых палітычных умовах. У канчатковым выніку: «Савецкая спадчына задала структуру сённяшняй беларускай эканомікі і была вызначальнай для арыентацыі краіны на Расію».

Іншым элементам савецкай спадчыны стала высокая ступень мілітарызацыі Беларусі. Стратэгічнае значэнне краіны прывяло да таго, што ў 1991-м незалежная Беларусь мела 240 тысяч вайскоўцаў — 1 салдат прыходзіўся на 42 жыхары, вельмі высокі па еўрапейскіх мерках паказчык. Дэмантаж савецкай вайсковай спадчыны у канчатковым выніку прывёў да здзелкі з Расіяй: «Беларусь заставалася надалей вайсковым саюзнікам Масквы, пакінула рускую мілітарную інфраструктуру ў краіне некранутай і актыўна дэманстравала геапалітычны нейтралітэт, тады як Крэмль наўзамен падтрымліваў беларускую эканоміку».

Асобна Мельянцоў спыняецца таксама на культуры. У 1991-м БССР была «найбольш саветызаванай і русіфікаванай рэспублікай». Руская мова і Вялікая Айчынная вайна панавалі ў ідэалагічным полі. Вытокі беларускае дзяржаўнасці звязваліся ў масавым гістарычным уяўленні з 1919 годам. І ўсё ж: «Парадаксальным чынам амаль уся класіка сучаснай беларускай літаратуры была створаная таксама ў БССР, заснаваная сістэма адукацыі і навукі, сфарміраваная беларуская ідэнтычнасць».

Цэнтральная думка артыкула — паступовы адыход ад савецкіх узораў, эрозія савецкай спадчыны насуперак мэтанакіраваным намаганням большасці эліт. Асаблівую ролю ў пацвярджэнні гэтага тэзіса грае назіранне аб арыентацыі беларускай моладзі на захад. як доказ гэтага прыводзіцца спасылка на артыкул Віктара Марціновіча ў той жа ZEIT Online. Хаця, прызнае Мельянцоў, прыхільнасць да еўразійскай інтэграцыі і Расіі ўсё адно ў краіне мацнейшая.

Нарэшце, кантэкст развіцця рэгіёна пасля сакавіка 2014 года прывёў да росту «новай нацыянальнай свядомасці». Не засталася безуважнай да гэтых тэндэнцый эліта: яна «узмоцнена скіроўвае сваю ўвагу на пытанні нацыянальнай ідэнтычнасці і сімволікі, падтрымкі беларускай мовы і выпрацоўкі шматвектарнай палітыкі, наколькі гэта мачыма ў дадзенай геапалітычнай сітуацыі». Сюды ж далучаецца і прынцып «сітуацыйнай нейтральнасці», які становіцца ключавым у беларускай замежнай палітыцы.

У канцы артыкула Мельянцоў звяртаецца да пытання пра каштоўнасцях беларускага грамадства і канстатуе: яны — пад моцным уплывам «савецкага», сфарміраваныя досведам камуністычнай эпохі. Гэта мір, бяспека і стабільнасць — у той час як правы і свабоды адыходзяць на другі план.

І ўсё ж агульны вывад аўтара пазітыўны (для некага — негатыўны): «нават для беларусаў Савецкі Саюз марудна, але пэўна становіцца мінуўшчынай».

Рэакцыя

Мельянцоў стварыў вельмі празрысты вобраз Беларусі, акуратна дапасаваны да агульнага кантэксту. Як гэты вобраз убачылі і ацанілі нямецкія чытачы? Магчымасць пазнаёміцца з гэтай перспектывай прапануюць каментарыі да тэксту. Колькасць каментарыяў да тэксту пра Беларусь выразна саступае топавым тэкстам пра Украіну, Расію і Латвію. Аднак і тэкст Мельянцова выклікаў пэўную дыскусію.

«Наша Ніва» прапануе пераклад найбольш цікавых каментароў.

Djed Moros піша:

«і на рэферэндуме 1995 года, на якім большасць падтрымала ініцыятыву новага прэзідэнта на карысць эканамічнай інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй» [гэта цытата з артыкула Мельянцова]

здаецца камусьці яшчэ чароўным, што людзі ў Беларусі маюць права галасаваць аб гэтым?

Martin Rémy:

Мелі права, спадар дзядуля Мароз.

Артыкул узважаны, прыемна спакойны і вельмі абазнаны.

У прыватнасці, як дакладна і абгрунтавана паказана, наколькі важна для нейтральнай дзяржавы паміж двума саюзамі праводзіць эфектыўную шматвектарную замежную палітыку.

Фінляндыя дэманструе гэта больш за палову стагоддзя, як гэта робіцца, можа, не дужа ахвотна, але паспяхова. Украіна паказвае, што здараецца, калі гэта не ўдаецца.

ЕС, але і Расія таксама, добра робяць, калі крыху меней пазіраюць на Рэспубліку Беларусь згары. Суседзі не павінны адразу жаніцца, каб мірна жыць адно з адным на адным кантыненце.

Прэзідэнт А. Лукашэнка неяк выказаўся наконт замежнай палітыкі, што Беларусь можа быць мостам паміж ЕС і Расіяй.

Міру і старанным і прыветным людзям адтуль варта пажадаць, каб яны сталі і заставаліся ў гэтым паспяховымі.

Herzchenbrause:

Цікавы і добра напісаны артыкул. Вялікі дзякуй, спадар Мельянцоў.

«Найважнейшыя для беларусаў каштоўнасці — мір, бяспека і стабільнасць, тады як палітычныя правы, накшталт свабоды меркаванняў і дэмакратыі, не разглядаюцца як першаступенныя. Да таго ж у пытаннях палітычных і эканамічных рэформаў беларусы аддаюць перавагу мацнейшаму ўмяшанню дзяржавы, то-бок патэрналісцкай мадэлі».

Ну, гучыць гэта зусім па-наску. Здаецца нармальным, буржуазным грамадствам з фокусам інтарэсаў на традыцыйных каштоўнасцях, напрыклад на сям’і і бяспецы.

«Усё больш людзей у краіне выступаюць за цалкам незалежную краіну па той бок усіх саюзаў».

Тут бачна, да чаго ўся вядзе. Чаму ў пераважна мірным і індустрыялізаваным свеце абавязкова неабходна далучацца да большага партнёра? Ці нельга, каб і Нямеччына стала больш аўтахтоннай? Абавязкова трэба ўключацца ў трансатлантычны абарончы саюз ці ў еўразійскі пакт? Гэта, сапраўды, канечне неабходна, далучацца да некага ў замежнай палітыцы?

Besondere Aufgaben:

На рэдкасць ненапружаны артыкул з краіны, якую нямецкае медыйнае спажыванне, калі наогул заўважае, то як «апошнюю дыктатуру Еўропы» — пры тым, што Мінск ад Берліна знаходзіцца на такой жа адлегласці, як і Парыж ці Мілан. Не хочучы нешта прыхарашыць, працэс трансфармацыі ў Беларусі прайшоў з выразна меншым стрэсам, чым напрыклад ва Украіне, хаця па эканамічных і культурных мерках краіны непараўнальныя. Так ці іначай, гэта сапраўды вельмі свежа, заміж ідэалогіі атрымаць інфармацыю — я шмат новага даведаўся. Словы падзякі!

Helium12:

Берлін — магчыма, але большасць нямецкіх гарадоў бліжэйшая да Парыжа ці Мілана.

Але слушна, што тут звычайна думаюць у заходнім кірунку. Пятая па памеры краіны ля майго месца жыхарства — Чэхія. Але ж: акрамя Польшчы гэта адзіная суседняя краіна з Нямеччынай, якую я не наведаў. Я ведаю таксама многіх іншых, якія падобныя вандроўкі рабілі, але далей за Берлін ці Вартбург на ўсход не ездзілі.

Артыкул у кожным разе цікавы і дазваляе Беларусі выступіць у іншым, пазітыўнейшым святле.

orcinus:

«Паступова ж паўстае новая нацыянальная свядомасць». Гэта так? Бо ж у ЕС усё нацыянальнае як нешта даволі кепскае падаецца. А ў Беларусі гэта нешта добрае? Як такое можа быць?

Winne Two:

Вельмі добры артыкул. Цікава, узважана і пакідае чытачу прастору, каб сфарміраваць уласнае меркаванне. Гэта стала рэдкасцю ў сучасных медыях.

Цытата:

Найважнейшыя для беларусаў каштоўнасці — мір, бяспека і стабільнасць, тады як палітычныя правы, накшталт свабоды меркаванняў і дэмакратыі, не разглядаюцца як першаступенныя

Канец цытаты.

Я толькі настойліва спадзяюся, што заходнія інстытуцыі і няўрадавыя арганізацыі змірацца з гэтым і не спрабавацьмуць зноў рабіць свае гешэфты, каб уперці бедным беларусам заходнюю форму жыцця ці прадаць яе як адзіны шанец ашчаслівіцца. Гэта пацярпела паражэнне ва Украіне, у Сірыі, Афганістане і г. д., і людзі там заплацілі вялікую цану за ўмяшанне (калі наогул выжылі).

MaxLeser:

«Доўгае развітанне з БССР».

але, як і доўгае развітанне з ЕС. Гэта заўсёды пачынаецца з адчужэння, бо большасць грамадства пачуваецца адчужана — так, як СССР ніколі не змог стаць гамагеннай дзяржавай, не можа гэта і пашыраны ЕС.

Kassander_Nebu:

Добры артыкул, хаця я не маю дастатковай кваліфікацыі, каб засумнявацца, ці ўсяго хапае…

З тым малым, што я ведаю, - ніякае супярэчнасці, каб я не магла спалучыць гэта з рэштай.

Гэта я хацела выразна занатаваць, бо так не з кожным артыкулам у ZEIT.

Alexej S.:

Мне артыкул таксама вельмі спадабаўся. Імаверна, таму, што ён напісаны беларусам, і потым перакладзены. У кожным разе дзякуй рэдакцыі за добры выбар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?