Сярод асноўных кваліфікацыйных патрабаванняў да кандыдатаў у рэктары ЕГУ ёсць 1) вольнае валоданне англійскай мовай, 2) мінімум пяцігадовы вопыт працы на высокай кіруючай пасадзе ў галіне вышэйшай адукацыі, 3) вопыт работы са структурамі ЕС.

У той жа час валоданне беларускай, рускай мовай можа быць, а можа не быць. Яно проста «ўлічваецца ў якасці станоўчага фактару». Як і «веданне лакальнага/рэгіянальнага сацыякультурнага кантэксту ды/альбо вопыт універсітэцкай працы ў постсавецкім рэгіёне Усходняй Еўропы ці краін Балтыі».

Мы запыталіся ў былых кандыдатаў у рэктара Таццяны Шчытцовай, Аляксандра Мілінкевіча, а таксама былога кіраўніка Сената Паўла Церашковіча, як прачытваць гэтыя крытэры. 

Апытаныя намі схіляюцца да думкі, што крытэры вызначаныя такім чынам, каб на пасаду рэктара ЕГУ маглі прэтэндаваць або цяперашнія кіраўнікі ўніверсітэта, або пенсіянеры з краін Заходняй Еўропы.

«Вопыт работы на кіруючай пасадзе» адсякае ўсіх патэнцыйных кандыдатаў з грамадзянскай супольнасці і людзей з апазіцыйнымі поглядамі, пазбаўленых магчымасці працаваць ва ўніверсітэтах Беларусі. Моўны бар'ер адсякае шэраг іншых кандыдатаў.

Павел Церашковіч: «Уражанне, што кандыдат ужо знойдзены»

Павел Церашковіч узначальваў Сенат ЕГУ, пакуль не ўвайшоў у канфлікт з рэктарам Анатолем Міхайлавым. 

Павел Церашковіч узначальваў Сенат ЕГУ, пакуль не ўвайшоў у канфлікт з рэктарам Анатолем Міхайлавым. 

На думку былога кіраўніка Сената ЕГУ Паўла Церашковіча, крытэры пры адборы будучага рэктара падабраныя так, каб той, хто браў удзел у мінулых выбарах, не змог скрозь іх прайсці.

Церашковіч перабірае. Аляксандр Мілінкевіч? Адпадае, бо не мае 15-гадовага стажу выкладання сацыяльна-гуманітарных дысцыплін і не валодае ангельскай мовай свабодна. Па першым крытэры не праходзіць і Дарыус Удрыс, які быў прарэктарам, але выкладаннем ніколі не займаўся.

«У мяне ўвогуле такое ўражанне, што кандыдат ужо знойдзены, — кажа спадар Павел. — З дапамогай высунутых крытэраў можна скласці яго партрэт. Хутчэй за ўсё, гэта еўрапеец, таму што патрэбна веданне еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі і таго, што там адбываецца. Хутчэй за ўсё, гэта пенсіянер, які працаваў не ў самым вядомым універсітэце, але досвед працы прарэктара ці рэктара ён мае. Неабавязковае веданне кантэксту, беларускай ці рускай мовы якраз і сведчыць пра тое, што будзе не беларус».

Тым не менш, Церашковіч адзначае, што сама працэдура адбору кандыдата на пасаду рэктара ў параўнанні з папярэднімі выбарамі значна палепшала.

«У мінулы раз гэтым займалася Кіраўнічая рада ўніверсітэта, якая не мела на гэта права, — заўважае спадар Павел. — Былі брыдкія закулісныя гульні, у выніку, раду адправілі ў адстаўку. На гэты раз адборам будзе займацца шведскае кадравае агенцтва. Рашэнне будзе прымаць камітэт па адборы з сямі асоб, сярод якіх будзе трое прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці, у тым ліку прадстаўнік студэнцтва. Безумоўна, гэта значны крок наперад у дэмакратызацыі ўніверсітэта».

Што будзе з універсітэтам далей, Церашковічу казаць цяжка. На яго думку, калі прагноз спраўдзіцца і рэктарам стане прадстаўнік еўрапейскай краіны, гэта будзе азначаць далейшую палітыку каланіяльнага ўніверсітэта з няпэўнымі мэтамі, задачамі і цьмянай будучыняй.

«Калі ж рэктарам стане прадстаўнік акадэмічнай супольнасці, асабліва беларус, то ёсць надзея, што ўніверсітэт не толькі развернецца ў бок Беларусі, а вернецца ў краіну. Цяпер выжыванне ўніверсітэта залежыць ад гэтага. У эміграцыі ён не выжыве, гэта абсалютна зразумела», — лічыць Павел Церашковіч.

Аляксандр Мілінкевіч: «ЕГУ не будзе беларускім універсітэтам, пра які мы марылі»

Аляксандр Мілінкевіч. Фота dic.academic.ru.

Аляксандр Мілінкевіч. Фота dic.academic.ru.

На думку Аляксандра Мілінкевіча, беларускія ўніверсітэты маюць пэўныя поспехі ў тэхнічных навуках, аднак збольшага значна адстаюць ад сённяшніх тэндэнцый у гуманітарных, сацыяльных ці эканамічных.

 «Хацелася б, каб ЕГУ быў цэнтрам беларускай думкі. Цэнтрам, які вядзе навуковыя даследаванні па пераменах, трансфармацыі Беларусі, — каментуе Мілінкевіч. — Цяпер ЕГУ ідзе іншай дарогай. Я не маю права даваць парады сённяшнім альбо будучым кіраўнікам ці Сенату ЕГУ, казаць, якім быць універсітэту. Але для мяне відавочна, што, на жаль, ЕГУ не будзе беларускім універсітэтам, пра які мы марылі».

Спадар Аляксандр мяркуе, што ўніверсітэт можа стаць пляцоўкай для рускамоўных з Балтыі, Украіны, Беларусі.

«Напэўна, ва ўніверсітэце застануцца курсы на беларускай мове, бо ёсць выкладчыкі, для якіх гэта важна. Але гаворка не пра тое, каб выкладчыкі і студэнты размаўлялі па-беларуску, а пра тое, якую ролю гэты ўніверсітэт будзе адыгрываць у трансфармацыі беларускай сістэмы адукацыі, — тлумачыць Мілінкевіч. — Ёсць шмат праблем з беларускай адукацыяй. Беларусы адны з лідараў па міграцыі моладзі, якія з’язджаюць за ведамі за мяжу. Аднак большасць атрымліваюць адукацыю ў Расіі. Нам бы хацелася, каб быў большы баланс паміж усходняй і заходняй міграцыяй моладзі па веды. На жаль, сёння гэта не так. І гэтая роля ЕГУ фундаментальная і важная».

Таццяна Шчытцова: «Вельмі важна, каб мы ўсе маглі гаварыць на адной мове»

Прафесарка Таццяна Шчытцова змагалася за пасаду з Дэвідам Полікам. 

Прафесарка Таццяна Шчытцова змагалася за пасаду з Дэвідам Полікам. 

Некаторыя з уведзеных фільтраў пры адборы на пасаду рэктара ў доктара філасофскіх навук, прафесара ЕГУ Таццяны Шчытцовай выклікаюць неразуменне ці нават нязгоду.

«Найперш гэта тычыцца пункта пра мову. Падрыхтоўка дакумента, фармулёўка крытэраў прадугледжвала некалькі этапаў, у тым ліку дыскусіі, абмеркаванні і з супрацоўнікамі ўніверсітэта. Я настойвала на тым, што веданне рускай ці беларускай мовы мусіць быць абавязковай умовай, спрабавала аргументаваць гэта, але, на жаль, у адназначны крытэр гэта не вылілася, засталося ў фармулёўцы «пажадана». На мой погляд, гэта стратэгічная памылка», — лічыць спадарыня Таццяна.

На думку прафесара, па-першае, гэта важна для выбудоўвання здаровых, прадуктыўных адносін з акадэмічнай супольнасцю, пачынаючы ад кантактаў са студэнтамі і заканчваючы дыялогам з чальцамі Сенату, выкладчыкамі і навуковымі кадрамі ва ўніверсітэце.

Шчытцова заўважае, што ЕГУ ўжо мае досыць негатыўны досвед працы з кіраўнікамі, топ-менеджарамі, якія не валодалі ні рускай, ні беларускай мовамі.

«Тады і сам кіраўнік, і акадэмічная супольнасць апынаюцца ў контрпрадуктыўнай пастцы. Атрымліваецца, што паміж намі і кіраўніком, які прымае важныя рашэнні, аказваецца вузкая група перамоўшчыкаў, якія нібыта павінны рэпрэзентаваць погляды акадэмсупольнасці, але насамрэч гэтага не робяць. Тут трэба ўзгадаць праблему, якая, на жаль, застаецца істотнай для ЕГУ. Я маю на ўвазе, што бачанне таго, як варта ўніверсітэту развівацца, якія прымаць бягучыя і стратэгічныя рашэнні, прадстаўленае на ўзроўні акадэмсупольнасці, — гэта адно бачанне. А тое, што прасоўваюць і адстойваюць нашы афіцыйныя прадстаўнікі — часта зусім іншае. І тут вельмі важна, каб мы ўсе — ад рэктара да студэнтаў — маглі гаварыць на адной мове», — тлумачыць спадарыня Таццяна.

Яна адзначае, што большасць студэнтаў і выкладчыкаў валодаюць англійскай, аднак усё адно такія зносіны прафесар не можа назваць паўнавартаснымі.

«Зусім нядаўна ад нас сышоў Дэвід Полік. І мы казалі пра тое, што яго палітыка, тое, як ён выбудоўваў адносіны, гаворка ў тым ліку і пра мову, прымусіла нас асэнсоўваць сітуацыю ў тэрмінах неакаланіяльнай свядомасці. Палітычныя імплікацыі сцвярджэння, што рэктар не павінен у абавязковым парадку ведаць мову той супольнасці, у якую ён прыходзіць, на жаль, вельмі моцныя. Дастаткова быць хоць крыху адукаваным, рэфлексіўным чалавекам, каб іх убачыць. Гэта адносіны, якія вымушаюць узгадваць досвед каланіялізму», — даводзіць доктар філасофскіх навук.

Што тычыцца беларусацэнтрычнасці, то, на думку прафесара, тут пытанняў быць не можа: універсітэт беларускі па факту таго, хто ў ім вучыцца і выкладае.

«Іншая справа, калі гаворка ідзе пра ўзнаўленне сувязяў з грамадзянскай супольнасцю ў Беларусі, стварэнне новых сувязяў і пашырэнне прысутнасці ў Беларусі. Тут, мне падаецца, наш універсітэт мог бы быць рухавіком дзякуючы сувязям з грамадзянскай супольнасцю. Улічваючы напрацоўкі, якія ёсць ва ўніверсітэце, нам трэба пашыраць супрацоўніцтва з цэлым шэрагам НДА-арганізацый альбо іншымі ініцыятывамі ў краіне. На жаль, пакуль што гэта адбываецца не ў тым маштабе, у якім хацелася б. Гэта таксама залежыць ад таго, які рэктар прыйдзе», — заўважае спадарыня Таццяна.

Яна звяртае ўвагу і на новы склад Кіраўнічай рады ЕГУ, стратэгічнага органа кіравання ўніверсітэтам, прызначэнне якога адбылося 14 снежня.

«З боку акадэмічнай супольнасці мы неаднаразова транслявалі нашы пажаданні, рэкамендацыі адносна таго, каб у Кіруючай радзе былі прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці. На жаль, гэта не было прынята да ўвагі, што мяне непакоіць. У святле гэтага можна прачытваць і працэс выбару новага рэктара», — адзначае Таццяна Шчытцова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?