Яра Хасан, адна з дваццаці гераінь календара «З Сірыі з любоўю» для падтрымкі расійскіх вайскоўцаў у Сірыі, заявіла TJ, што выкарыстаныя ў выніковай працы фразы не належалі дзяўчатам і былі прыпісаны ім без іх дазволу.

Каляндар быў апублікаваны на сайце «З Сірыі з любоўю» 15 снежня. Там гаворыцца, што фінансы для яго стварэння былі выдзеленыя ў рамках прэзідэнцкага гранта, накіраванага на дзяржпадтрымку моладзевых ініцыятываў, а праца праходзіла пры ўдзеле расійскага моладзевага руху «СЕТЬ».

У гэты ж дзень прадстаўнікі каманды, якая працавала над календаром, далі інтэрв'ю шэрагу СМІ, распавёўшы аб яго ідэі. У размове з «Камсамольскай праўдай» кіраўнік праекта «Школа сучаснага мастацтва» Марыя Алёшына патлумачыла, што каляндар збіраюцца раздрукаваць і паслаць расійскім вайскоўцам у Сірыю.

«У нас ёсць крэатыўная прастора, дзе мы перыядычна праводзім мазгавыя штурмы. На адным з такіх мазгавых штурмаў і прыйшла ідэя стварыць каляндар з сірыйскімі дзяўчатамі. Справа ў тым, што ў аднаго з удзельнікаў праекта ёсць знаёмыя ва Універсітэце дружбы народаў (РУДН), якія маюць зносіны з сірыйкамі. Так мы выйшлі на сірыйскіх студэнтак, якія пражываюць у Маскве, і прапанавалі ім паўдзельнічаць у нашай справе.

Цяпер мы хочам адправіць календары расійскім вайскоўцам праз МНС, найбліжэйшым гуманітарным рэйсам. Вельмі спадзяёмся на тое, што афіцэры вышлюць ў адказ фота».

У календары выкарыстоўваюцца фразы, напісаныя ад асобы саміх дзяўчат: напрыклад, «Хоць бы на МіГ убачыць цябе», «Лёс маёй Пальміры — у тваіх руках», «Гэта не твой авіяносец прыпаркаваны ля сірыйскіх берагоў?» і «Я спакойная, калі мая зямля пад тваім кантролем».

У апісанні праекта гаворыцца, што дзяўчаты, кожная па-свойму, звярнуліся да расейскіх вайскоўцаў, а традыцыйныя рускія какошнікі яны надзелі на знак павагі да Расеі.

Яра Хасан, намаляваная на вокладцы для кастрычніка, заявіла ў гутарцы з TJ, што ёй давялося напісаць тлумачальны пост для сваіх сяброў з Сірыі, якія ўзлаваліся пасля таго, як убачылі нібыта сказаныя дзяўчатамі-сірыйкамі фразы.

Мы думалі, што там будуць толькі нашы фатаграфіі. Але мы былі ў шоку, калі ўбачылі каляндар у інтэрнэце з гэтымі дурнымі фразамі. […]

На сваёй старонцы я патлумачыла для свайго кола сяброў, што адбылося. Таму што рэакцыя ў Сірыі жудасная. Усе злуюцца з-за гэтых фраз.

Па словах Хасан, каляндар прызначаўся для таго, каб падзякаваць расейскім вайскоўцам за дапамогу ў барацьбе з тэрарызмам. Аднак надпісы не былі ўзгоднены з дзяўчатамі, і, хоць яна папрасіла аўтараў праекта выдаліць іх, верагодна, рабіць гэта ўжо занадта позна.

З рэзкай крытыкай выкарыстання сірыек такім чынам 16 снежня выступіла Анастасія Пекшава, блізкая сяброўка Хасан. Яна знаёмая з паловай знятых у календары дзяўчат, бо працуе над дакументальным фільмам пра сірыйцаў, якія жывуць у Расіі.

У канкрэтнай сітуацыі больш за ўсё шкада дзяўчат. Яны сапраўды сірыйкі, самыя сапраўдныя, якіх можна лёгка падмануць, проста таму што яны ўсё яшчэ вераць у людзей, нягледзячы на тое, што іх «знішчаюць прадукцыйней, чым у Асвенцыме».

Іх даверам проста скарысталіся, прымалявалі ідыёцкія фразы, ды яшчэ і выставіўшы іх як прамыя цытаты з подпісам, нават не спытаўшы дазволу, нават не згадаўшы пра тое, як будзе выглядаць гэты гора-праект на выхадзе. Пачуўшы пра гэтую гісторыю, знаёмыя з сямі розных канцоў планеты ў адзін голас раяць судзіцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0