Ігар Бузоўскі вызвалены ад пасады намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта па ідэалогіі «ў сувязі з пераходам на іншую працу». Гэтая пасада ліквідаваная.
«Наша Ніва» публікуе леташні артыкул пра гісторыю жыцця былога кіраўніка БРСМ, абнавіўшы некаторыя звесткі.
«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ «НН»Фота Сяргея Гудзіліна.
Як Бузюкі сталі Бузоўскімі
Будучы ідэолаг нарадзіўся ў вёсцы Кашалёва, за некалькі кіламетраў ад Навагрудка. Прозвішча рэдкае для мясцовасці, дый увогуле для Беларусі.
Адкуль узяліся Бузоўскія на Наваградчыне? «Як расказваў муж, раней было прозвішча Бузюк. Калі ў 1920-я прыйшлі палякі,уся радня перапісаліся на польскі лад, — узгадвае цётка ідэолага Лідзія Бузоўская. — А як палякі сышлі, усе зноў сталі Бузюкамі (Бузукамі), і толькі адзін застаўся Бузоўскім». Шляхетнае прозвішча пакінуў сабе дзядуля ідэолага.
Лідзія Канстанцінаўна жыве ў Навагрудку. Яна была замужам за дзядзькам Ігара Бузоўскага, але можа расказаць і пра бацьку ідэолага Івана Іванавіча.
«Калі майму мужу было тры гады, а Вані — сем, памёр бацька. Іх выхоўвала адна маці. Яна ўсё жыццё працавала даяркай на ферме. Сям’і было вельмі цяжка, таму да працы хлопцы былі прывучаныя з самага дзяцінства. Трэба і на агародзе паспець, і малатком нешта зрабіць», — кажа яна. Лёс не маляваў перад хлопцамі асаблівых перспектываў, але будучыня пераўзышла ўсе самыя смелыя чаканні.
«Мой муж вучыўся лепш за Ваню, але таму дапамог лёс», — тлумачыць Лідзія Канстанцінаўна.
Бацька ў органах
Калі Іван Бузоўскі вярнуўся з войска, яго адразу паставілі старшынёй сельсавета ў Налібаках. Нявестка кажа, што за Івана нібыта замовіў слова старшыня мясцовага, Кашалёўскага, сельсавета.
Далей — больш. У Бузоўскага не было ніякіх уплывовых сваякоў, якія маглі б цягнуць яго наверх, але неўзабаве ён паступіў у Маскву на юрыдычны факультэт, хай і на завочку.
Адзінай атрыманай адукацыяй у яго на той момант была школа ў суседняй вёсцы.
Наступнае прызначэнне было яшчэ больш перспектыўным. У сярэдзіне 1970-х Іван Бузоўскі стаў першым сакратаром Навагрудскага райкама камсамола — тагачаснага БРСМ. А праз некалькі гадоў канчаткова сышоў працаваць у КДБ.
«Людзі з КДБ вельмі ўтойлівыя. Я спачатку хацела нешта пытаць, а пасля думаю: навошта мне гэта? Калі я замуж выходзіла за ягонага брата, то пра мяне яны ж усё вывучылі», — са смехам узгадвае Лідзія Бузоўская.
Вера, жонка Івана, вывучылася на бухгалтара. Калі бацька пайшоў працаваць у «органы», у сям’і ўжо гадаваўся Ігар. Ягоным месцам нараджэння пазначана Кашалёва, але яшчэ немаўлятам яго перавезлі ў Навагрудак. У родную вёску хлопец вяртаўся на лета да бабулі.
Бацькоўская хата чыноўніка стаіць дагэтуль, яе выкарыстоўвае як лецішча ягоная стрыечная сястра.
Дзяцінства Ігара Бузоўскага было неспакойным. У школу ён пайшоў у Навагрудку, дзе ў мясцовым КДБ служыў бацька, але пасля давялося паездзіць па Беларусі. Навагрудак, Гродна, Ваўкавыск, зноў Гродна, Мінск… Івана Іванавіча перакідвалі з месца на месца, ён цэлымі днямі шчыраваў на чэкісцкай рабоце, хатняя гаспадарка была на жонцы.
Тым часам у Ігара нарадзілася сястра. Вольга адвучылася на эканаміста, цяпер адкрыла сваю справу.
Бузоўскія заўсёды дапамагалі сваякам. «Яны ніколі не пакідалі ў бядзе. І калі памёр мой муж, і калі дачка трапіла ў аварыю… Кожны дзень Іван Іванавіч вазіў ежу ў рэанімацыю, штодзень, больш за месяц», — узгадвае Лідзія Канстанцінаўна.
Вайсковая служба цягнулася нядоўга
Сканчваў школу Ігар у Мінску. Калі надышоў час вырашаць, куды паступаць, хлопец пайшоў у Мінскае вышэйшае вайсковае каманднае вучылішча. Гэтае рашэнне было самастойным ці ён проста пайшоў шляхам бацькі ў сілавікі? Пра свой выбар прафесіі Бузоўскі не расказваў ніколі.
Так ці інакш, адвучыўшыся і адпрацаваўшы год на афіцэрскай службе, Ігар вярнуўся ў Навагрудак. «Афіцэрская праца была Ігару недаспадобы», — узгадвае цётка.
Малады чалавек уладкаваўся ва ўпраўленне адукацыі Навагрудскага райвынкама. Бузоўскі знайшоў сябе ў Цэнтры пазашкольнай працы. Быў псіхолагам у школе і ПТВ, узначаліў аддзел сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай работы.
У Навагрудку ён і ажаніўся, маладыя пасяліліся ў жонкі. Дарэчы, адзіны сын Бузоўскіх, Андрэй, паступіў у Вышэйшы сталічны каледж сувязі.
Сын ідэолага Андрэй Бузоўскі.
Ініцыятыўнаму, у рамках сістэмы, маладому чалавеку не далі застацца ў правінцыі. У канцы 1990-ых ён стаў памочнікам сакратара ЦК Беларускага патрыятычнага саюза моладзі, затым папрацаваў у моладзевым цэнтры «Юнацтва», у юнацкім хакейным клубе «Залатая шайба»…
А пасля апынуўся на БТ. У 2002-м Бузоўскі стаў намеснікам кіраўніка дырэкцыі прамоцыі Белтэлерадыёкампаніі. Аддзел займаўся фарміраваннем сеткі вяшчання БТ, а Ігар адказваў за сувязі з грамадскасцю.
Для таго, каб перайсці на кіраўнічыя пасады, Бузоўскаму не хапала «цывільнай» адукацыі. У Беларусі большасць патэнцыйных чыноўнікаў паступала ў Акадэмію кіравання, але ідэолаг пайшоў іншым шляхам. Ён абраў Акадэмію дзяржаўнай службы пры прэзідэнце Расіі.
У 2003-м Бузоўскі нарэшце апынуўся ў наваствораным БРСМе. Тры арганізацыі аб’ядналіся пад гэтай назвай, каб быць увасабленнем дзяржаўнай моладзевай палітыкі.
У БРСМ Бузоўскага зрабілі другім сакратаром. Сайт арганізацыі называў яго ініцыятарам акцый «За!», «Ачысцім Інтэрнэт ад бруду», «Кветкавая рэвалюцыя па-беларуску».
Кар’ера рухалася паспяхова, бо ў 2005-м яго перавялі дарадцам у галоўнае ідэалагічнае ўпраўленне Адміністрацыі прэзідэнта. Тут Бузоўскі-малодшы затрымаўся на пяць гадоў.
Выхавальнік маладых чэкістаў
Чым займаўся Бузоўскі-старэйшы? Імёны кадэбэшнікаў, нават самых высокіх, рэдка фігуруюць у прэсе. Праца патрабуе цішыні. Але Іван Іванавіч «засвяціўся».
У ніжнім шэрагу Іван (справа) і Ігар Бузоўскія.
«Пасля праходжання школы КДБ па лініі знешняга назірання я быў накіраваны ў 7-е ўпраўленне… Маім непасрэдным кіраўніком быў Іван Бузоўскі, начальнік аддзела КДБ, — пісаў былы работнік спецслужб Аляксандр Рабец, які ў 2000-я ўцёк з Беларусі і папрасіў у Еўрасаюзе палітычны прытулак.
«Нас прыцягвалі не толькі для барацьбы з крыміналам, але і для працы на мітынгах… Нас арыентавалі на лідараў апазіцыі. Назіранне і даклад за іх дзеяннямі. А таксама за актыўнымі ўдзельнікамі акцый»,— расказваў Рабец.
Цяпер ад актыўнай працы ў спецслужбах Іван Бузоўскі адышоў. «Я ўжо на пенсіі, — расказваў некалькі гадоў таму палкоўнік. — Але працую ў Інстытуце нацыянальнай бяспекі краіны, а таксама ўзначальваю ветэранскую арганізацыю, якая займаецца выхаваннем маладых чэкістаў».
Інстытут нацыянальнай бяспекі (ІНБ) пры КДБ — тая самая ўстанова, на тэрыторыі якой у цэнтры Мінска быў усталяваны «помнік чэкістам» з барэльефнай выявай Фелікса Дзяржынскага.
Актыўнасці старэйшаму Бузоўскаму не займаць — на папярэдніх прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах ён запісваўся ў выбарчую камісію.
Летась «прадстаўнік дзяржбяспекі Іван Бузоўскі» нават выступаў на прафсаюзнай спартакіядзе. Спрабаваў свае сілы ў більярдзе, але стаў толькі 19-м з 25 удзельнікаў.
Чым запомніцца Бузоўскі ў БРСМ?
У 2010 Ігар Бузоўскі ўзначаліў БРСМ — моладзевую арганізацыю, якая налічвае паўмільёна чальцоў.
Пад яго кіраўніцтвам прайшлі два запамінальныя флэш-мобы. Каля ўваходу на Камароўку актывісты правялі перфоманс «Спецыяльна для НТВ!». Яны ўсталявалі імправізаваны тэлевізар з застаўкай «Асцярожна! Смярдзіць канал НТВ!». Інфармацыйная нагода — дакументальны фільм «Хросны бацька», прысвечаны Аляксандру Лукашэнку. Дарэчы, у эфіры «НТВ-Беларусь» фільм так і не паказалі.
Акрамя таго, на тле газавых войнаў паміж Беларуссю і Расіяй актывісты правялі здзеклівую акцыю «Дапаможам, чым можам, расійскаму «Газпрому».
Раней саюз дамогся таго, што пры паступленні ў ВНУ сілавых структур пры іншых роўных перавага аддаецца абітурыенту з рэкамендацыяй ад БРСМ. Больш за тое, Лукашэнка прапаноўваў улічваць рэкамендацыю БРСМ пры працаўладкаванні ў праваахоўныя органы.
Балючае пытанне — дзяржаўнае фінансаванне арганізацыі. З дня заснавання БРСМ Лукашэнка перыядычна ўздымае пытанне аб самаакупнасці арганізацыяй. З 2010 датацыі з бюджэту перавысілі $20 мільёнаў.
На крытыку, што БРСМ з’ядае практычна ўвесь аб’ём фінансавання на маладзёжную палітыку, Бузоўскі заяўляў, што яго арганізацыя заўсёды падтрымлівала ідэі прэзідэнта і ўрада.
«Камсамол — наша плоць і кроў»
Ігар Бузоўскі атрымаў вайсковую адукацыю, але, па словах сваякоў на малой радзіме, куды больш яму падабалася быць масавіком-забаўнікам. Ці ўдалося яму знайсці супольную мову з моладдзю?
Некалькі гадоў таму ён заяўляў, што БРСМ адкрыў каля 500 блогаў, каб супрацьстаяць «бруду і хлусні, якая распаўсюджваецца ў сетцы». Аднак сам Бузоўскі так і не стаў актыўным карыстальнікам сацыяльных сетак. Зрэшты, любую інфармацыю пра яго на сайтах незалежных выданняў з задавальненнем каментуе армія прыхільнікаў: «Ігар Бузоўскі — сапраўды годная кандыдатура! Поспехаў яму і высокіх дасягненняў!», «Новыя прызначэнні — новыя планы. Новыя перспектывы. Спадзяюся, што чыноўнікі не падвядуць», «Новыя людзі — новыя ідэі! Жадаем поспеху і высокіх дасягненняў!».
На крытычныя пытанні ад моладзі лідар БРСМ рэагуе даволі рэзка. Калі на адной з сустрэч студэнт падняў пытанне, ці патрэбны абавязковы прызыў у войска, Бузоўскі яго адразу асадзіў: «Каб утрымліваць прафесійнае войска, трэба з сябе апошнія штаны зняць. Калі да цябе дамой уварвецца злачынец, ты што, будзеш чакаць прафесійную армію? Кожны мужчына павінен умець абараніць сваю сям’ю. І калі нешта здарыцца, то ўзяць зброю і ваяваць за сваю Радзіму».
Пра сябе Бузоўскі кажа, што ён «не тусоўшчык». Яму куды камфортней казаць пра арганізацыю з прывязкай да камсамола. «Гэта наша плоць і кроў», — заявіў ён у адным з інтэрв’ю.
…Доўгія гады сімвалам роднай вёскі Кашалёва было велізарнае дрэва, якое расло на скрыжаванні з дарогай на Навагрудак. У яго гонар нават назвалі прыпынак— «Дуб».
Аднак у дрэва трапіла маланка, і яно прапала. Мясцовыя жыхары спрабавалі пасадзіць новы дуб, але ўсё марна. Тады да справы падключыўся БРСМ. Паводле задумы Бузоўскага, дуб мусіў стаць сімвалам пераемнасці камсамола, які «вытрымаў, абнавіўся і сёння дзейнічае як БРСМ».
На ўрачыстую пасадку прыехаў і бацька Бузоўскага. «Такім інструментам, як рыдлёўка, ён валодае віртуозна»,— адзначала мясцовая прэса. «Любіць у нас пакрасавацца Іван Іванавіч», — смяюцца землякі.
Урачыстая цырымонія скончылася, ідэолагі раз’ехаліся. А сімвал пераемнасці зноў засох.
«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ «НН»* * *
Ігар Бузоўскі
Нарадзіўся ў 1972 у вёсцы Кашалёва Навагрудскага раёна. Скончыў Мінскае вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча (1993) і Расійскую акадэмію дзяржаўнай службы пры прэзідэнце Расіі (2005).
У 1993—1994 служыў афіцэрам у войску, у 1994—1998 працаваў у Цэнтры пазашкольнай работы ўпраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама.
У 1998—2002 займаў кіруючыя пасады ў моладзевых грамадскіх арганізацыях, у 2002—2003 працаваў на БТ, у 2003—2005 — другі сакратар ЦК БРСМ.
У 2005—2010 працаваў дарадцам у Адміністрацыі прэзідэнта, у 2010—2014 — першы сакратар ЦК БРСМ. У 2014—2016 — намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.
Жанаты, мае сына.





