На пачатку 2016 года я склаў быў такі сабе спіс-каляндарык на дзеячаў беларускага руху і айчыннае культуры, з дня нараджэння якіх спаўнялася 125 год. Цікава было, як навуковая і літаратурна-мастацкая грамадскасць, а таксама палітычны клас краіны адзначаць гэтыя юбілейныя даты. Склаў я і каляндарык падзеяў, пра якія беларусу варт памятаць штодзень.

Аляксандр Рыпінскі, Міхаіл Каяловіч, Ігар Марзалюк ды іншыя

Вось з гэтых падзеяў, што адбыліся 125 год таму, бадай, і трэба пачаць. Галоўная падзея — тое, што Аляксандр Цвікевіч назваў узнікненнем беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння.

З гэтым узнікненнем праблема. Доктар гісторыі, былы «сенатар» і цяперашні дэпутат Ігар Марзалюк, прыкладам, выводзіць беларускую ідэю з заходнерусізму, а калі больш канкрэтна — з Міхаіла Каяловіча. Гэта не жарт. Гэта факт, зафіксаваны ў часопісе «Беларуская думка» (2014, №12).

Сам жа заходнерусізм Марзалюк выводзіць з магілёўскага архібіскупа Станіслава Богуша-Сестранцэвіча, таго самага, які сваімі і сваіх падначаленых паводзінамі штурхаў Іосіфа Сямашку ды іншых уніяцкіх святароў у казённае праваслаўе.

Я ж Богуша-Сестранцэвіча згадаў бы таму, што беларускую ідэю варта было б вывесці ўсё ж не з яго, а з ягонага пляменніка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (чытайце «Літаратарскія клопаты», ліст да Уладзіслава Сыракомлі, які папярэднічае гэтай паэме, «Шчароўскія дажынкі» ды «Халімона на каранацыі» гэтага пісьменніка). Вацлаў Ластоўскі лічыў Марцінкевіча бацькам новага беларускага пісьменства, а Усевалад Ігнатоўскі адзначаў: «Заслуга Марцінкевіча ёсць у тым, што ён першым пачаў лічыць сябе «дударом» простага беларускага народу».

Пра Каяловіча ж, сына ўніяцкага святара з Кузніцы Беластоцкай, добра напісаў у сваім класічным «Западноруссизме» ўспомнены тут Аляксандр Цвікевіч. Беларусы для Каяловіча — катэгорыя этнаграфічная, слабое племя рускага народу, якое не даспела ні да культурнай, ні да палітычнай самастойнасці. Зрэшты, на думку Каяловіча, беларусам, якія жывуць у Заходняй Расіі і якія ёсць частка рускага народа, гэтая самастойнасць і не патрэбная. Самы ж вялікі грэх Каяловіча — тое, што ён падзяліў наш народ паводле канфесійнай адзнакі.

Дармо, што ён прызнаваў этнаканфесійнае пытанне цяжкім. Калі адкінуць гэтую агаворку, дык у чыстым асадку застаецца тое, што Каяловіч не прызнаваў каталікоў беларусамі і тым самым ліў ваду на млын польскага шавінізму. Каяловічава разуменне беларусаў дае згукі нават цяпер. І таму не дзіва, што працяглы час Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча на «праваслаўна-беларускі лад» у савецкіх кнігах называлі Вікенціем, а нам, школьнікам 1950-х і пачатку 1960-х, нават настаўнікі казалі, што беларусы — гэта праваслаўныя, а ўсе тутэйшыя каталікі — палякі. Дзякуй богу, хапіла розуму задумацца: а як жа Янка Купала, Францішак Багушэвіч?

Міхаіл Восіпавіч Каяловіч.

Міхаіл Восіпавіч Каяловіч.

Каяловіч, кажучы словамі Цвікевіча, спыніўся на мяжы этнаграфізму і нацыяналізму.

У тым годзе, калі Каяловіч першы раз выдаў свае «Чтения по истории Западной России», у Вільні на эшафот узышоў чалавек, які звярнуўся да свайго народа ў яго роднай мове і якога ўжо можна назваць аўтанамістам. Праз 17 год у Санкт-Пецярбургу, здзяйсняючы прысуд над царом, загіне яшчэ адзін светлы чалавек, а яшчэ праз тры гады ягоныя аднадумцы выдадуць у сталіцы імперыі часопіс «Гомон», у якім заявяць аб сваім жаданні бачыць Беларусь аўтаномнай адзінкай. Каліноўскі думаў пра аўтаномію Беларусі ў складзе адноўленай польскай дзяржавы, Рэчы Паспалітай, паслядоўнікі Ігната Грынявіцкага — пра аўтаномію Беларусі ў будучай расійскай федэратыўнай рэспубліцы.

Калі выйшаў першы нумар «Гомона», месцам яго выдання і яго рэдактарамі вельмі зацікавіўся прафесар Каяловіч. У другім нумары рэдактары часопіса раілі ўсім, хто мае асабістыя стасункі з Каяловічам, «быть осторожнее». Такая рэпутацыя Каяловіча была ў тых, каго ўжо можна назваць беларускімі нацыяналістамі.

Вось так яно і было: беларускі палітычны і вызвольны рух і заходнерусізм, этнаграфізм існавалі паралельна. Няма сведчанняў, што беларускія рэвалюцыянеры штосьці запазычылі, былі за штосьці ўдзячныя заходнерусістам. Масквафілам, якія настойвалі, што яны таксама беларусы, дзеячы вызвольнага руху далі адпаведную мянушку — «тоже белорусы».

Нябачная сувязь 

125 год таму — у 1891-м — Каяловіч памёр. Таксама дата. Чамусьці не ўшанаваная нашымі масквафіламі, «западнорусамі».

Сыходзячы ў магілу, Каяловіч, пэўна, ужо не пабачыў надрукаваную ў Кракаве кніжку Францішка Багушэвіча «Дудка беларуская» з яе знакамітай прадмовай — маніфестам культурна-нацыянальнага адраджэння.

Асмелюся сказаць, што ў той прадмове да тае кніжкі, 125-я ўгодкі выхаду якой варт было шырока адзначыць, ужо чытаецца і думка пра дзяржаўнае адраджэнне Беларусі, бо там і Віцень, і Гедымін, і «адно сільнае каралеўства», якое раскінулася «ад Балтыцкага мора аж да Чорнага» і ў якім Беларусь — «як тое зярно ў гарэху».

Ці сцвярджаю я, што Беларусь для Багушэвіча — не толькі этнаграфічная, культурна-нацыянальная, але і палітычная катэгорыя? Пэўна ж.

Беларусь як палітычную катэгорыю Антон Луцкевіч угледзеў ужо ў творчасці Аляксандра Рыпінскага, у ягонай кніжцы «Białoruś» (1840). Рыпінскі — гэта, кажу прафесару Марзалюку, папярэднік Каяловіча. «Рыпінскі, — чытаем у Ігнатоўскага, — хоча, каб беларускі селянін навучыўся раней чытаць, а потым і думаць па-польску, а Каяловіч хоча, каб мільёны простых украінцаў, беларусаў і ліцвіноў пазналі і зразумелі свой край і саміх сябе па-руску. І той, і другі хоча выкасаваць самабытнасць беларуса і Беларусі, адзін — на карысць Польшчы, другі — на карысць Расіі». Як прафесар Марзалюк дадумаўся выводзіць беларускую ідэю з Каяловіча — загадка.

Гісторыя беларускага вызвольнага руху характарызуецца разрывамі. Народнікі-гоманаўцы ані словам не згадваюць Вінцэнта Канстанціна Каліноўскага.

Людзі, якія ў 1902—1903 гг. стваралі Беларускую Сацыялістычную Грамаду, нічога не ведалі ні пра Каліноўскага, ні пра Аляксандра Марчанку, Хаіма Ратнера ды іншых гоманаўцаў. Але палітычная свядомасць гэтых маладых рэвалюцыянераў у параўнанні са свядомасцю іх папярэднікаў істотна пасунулася наперад, і ў нарысе першай праграмы БСГ (1903) мы чытаем, што яны хацелі бачыць Беларусь як «незалежную рэспубліку дэмакратычную».

Праўда, рэальна ацаніўшы магчымасці, кадравы патэнцыял вызвольнага руху, у другой праграме (1906) беларускія сацыялісты паставілі сабе за мэту дасягненне аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі — тую ж мэту, якую ў 1884 г. ставілі перад сабою гоманаўцы. Пры гэтым наўвеце мелася, што аўтаномія — ступенька да незалежнасці.

А. Луцкевіч успамінаў, што, іх маладых сацыялістаў-беларусаў з Віленшчыны і Меншчыны, якія ўвосень 1902 г. сустрэліся на пецярбургскім бруку, аб’ядналі імёны Багушэвіча і Марцінкевіча, а не Каяловіча ды іншых заходнерусістаў.

З другога боку, Аляксандр Уласаў пісаў, што Ян Луцкевіч быў вучнем менскага археолага Генрыка Татура, якога палякі менавалі беларускім нацыяналістам.

Цікаўны да гісторыі, Я. Луцкевіч, пэўна ж, не толькі слухаў апавяданні Татура. Ён яшчэ і чытаў. А чытаць ужо было што. Сорам, але наша грамадства нейк забыла, што 125 год таму, у 1891-м, выйшла не толькі «Дудка беларуская» — свет убачыла кніга Мітрафана Доўнар-Запольскага «Очерк истории Кривичской и Дреговичской земель до конца ХІІ столетия». Ці не з гэтае кнігі бярэ пачатак наша нацыянальная гістарыяграфія? Ведама, у 1890-м у «Календаре Северо-Западного края» была апублікавана праца Доўнара-Запольскага «Очерк по истории Белоруссии. От начала до смерти Владимира Мономаха (1125 г.)». Гэта, можна сказаць, і канспект кнігі, надрукаванай у 1891-м, і правобраз брашуры «Асновы дзяржаўнасці Беларусі» (1919), з якою старшыня Рады Міністраў БНР Луцкевіч ехаў на Парыжскую мірную канферэнцыю адстойваць інтарэсы сваёй краіны. А калі ўзяць пад увагу «Гісторыю Смаленскай зямлі да пачатку XV ст.» Пятра Галубоўскага (1895) і «Нарыс гісторыі Полацкай зямлі да канца XIV стагоддзя» Васіля Данілевіча (1896)? Было што чытаць і без Каяловіча.

Доўнар-Запольскі, Галубоўскі, Данілевіч, як і Міхайла Грушэўскі, аўтар фундаментальнай «Гісторыі Украіны-Русі» (1895—1933), — вучні кіеўскага прафесара Уладзіміра Антановіча, аўтара «Нарысу гісторыі Вялікага Княства Літоўскага да палавіны XV стагоддзя» (1878).

Калі мы гаворым пра беларускую ідэю, беларускі рух пачатку ХХ ст., украінскі чыннік прост абавязаны ўлічваць. Заснавальнікі БСГ пільна ўглядаліся, што робіцца ў паўднёвых суседзяў.

І назва праектаванай у 1902 годзе Вацлавам Іваноўскім Беларускай рэвалюцыйнай партыі перагукаецца з назвай раней створанай Рэвалюцыйнай украінскай партыі, адным з заснавальнікаў якой быў сын У. Антановіча.

І слова «грамада» трапіла ў назву першай беларускай партыі ці не пад уплывам украінцаў (згадайма «Кіеўскую Грамаду» Антановіча-бацькі, Міколы Лысенкі, Міхайлы Старыцкага, бацькі ўкраінскага сацыялізму Міхайлы Драгаманава ды іншых). А яшчэ, пісаў А. Луцкевіч, не абышлося і без літоўскага ўплыву. А нам кажуць пра нейкіх Каяловіча, заходнерусістаў…

Равеснікі «Дудкі беларускай» 

1891 год памятны не толькі «Дудкай…», кнігай Доўнар-Запольскага ці сыходам у лепшы свет Міхаіла Каяловіча. 1891 год даў Беларусі шэраг выдатных дзеячаў вызвольнага руху і культуры.

Амаль у самым канцы года, 17 снежня, споўнілася 125 год з дня нараджэння пакутніка за Хрыста і Беларусь, сябра Рады БНР архімандрыта Андрэя Цікоты.

Было цікава, ці адзначаць гэтую дату ў каталіцкіх храмах і СМІ. Не адзначылі. А думалася, што ў грэка- і рыма-каталікоў лепшая памяць, чым у сацыял-дэмакратаў, якія не спрамагліся на добрым узроўні ўшанаваць памяць аўтара першай праграмы беларускай сацыял-дэмакратыі, аднаго з айцоў БНР Аркадзя Смоліча.

І тут нельга не сказаць добрае слова пра нашых географаў. У Магілёве, ва ўніверсітэце імя Аркадзя Куляшова, правялі семінар у гонар 125-годдзя чалавека, які адкрываў беларусам Беларусь, а ў Менску, у БДУ, прайшоў міжвузаўскі семінар, быў адчынены кабінет эканамічнай геаграфіі Беларусі імя прафесара Смоліча.

Андрэй Цікота

Андрэй Цікота

Смоліч, нагадаю, нарадзіўся ў адным годзе са сваім сябрам і таварышам Максімам Багдановічам.

І цалкам зразумела, што юбілей выдатнага географа і эканаміста адзначаў таксама літаратурны музей Максіма Багдановіча. А што да юбілею паэта, дык нават Экзархат Рускай Праваслаўнай Царквы не ўтрымаўся і вырашыў прадэманстраваць прыналежнасць паэта (nota bene: праўнука ўніяцкага святара) да гэтай канфесіі.

Пры жаданні Экзархат мог бы ўшанаваць таксама і старшыню першага ўраду Беларусі, Язэпа Варонку, які садзейнічаў вяртанню ў Заходнюю Беларусь праваслаўнага духавенства, якое ў 1915-м эвакуявалася ў Расію, а ў 1918-м сутыкнулася з усімі «радасцямі» бальшавіцкага рэжыму. Дарэчы, хрысцілі Варонку ў Кузніцы Беластоцкай — у той самай, дзе святаром служыў бацька Каяловіча.

Першы ўрад БНР. Язэп Варонка сядзіць трэці злева. 

Першы ўрад БНР. Язэп Варонка сядзіць трэці злева. 

Вучыўся ж Варонка ў Беластоцкім рэальным вучылішчы — тым самым, дзе вучыўся Грынявіцкі.

Ягонае ж 125-годдзе прайшло незаўважна для айчыннае публікі — як левае, так і правае.

Ды што тут казаць, калі наша палітычная эміграцыя не можа паказаць, дзе знаходзіцца магіла Варонкі. Нібыта чалавека расстралялі, як народнага камісара асветы, правадніка палітыкі беларусізацыі Антона Баліцкага ці Мікалая Красінскага, які быў і настаўнікам Віленскай беларускай гімназіі (ВБГ), і царкоўным ды тэатральным дзеячам у Заходняй Беларусі, а ў БССР працаваў і ў Інстытуце беларускай культуры, і дырэктарам 2-га Беларускага дзяржаўнага тэатра ў Віцебску. Ні нашы асветнікі, ні нашы тэатралы, ні нашы царкоўнікі не згадалі імёны гэтых людзей у іх юбілейны год.

Нешта я не памятаю, каб былі нейкія публікацыі ці акадэміі і з нагоды 125-х угодкаў пасла на Сойм Польскай Рэспублікі і дзеяча Сялянска-работніцкай Грамады Паўла Валошына, ці беларускага пасла на Сойм у 1922—1935 гг. Фабіяна Ярэміча, або пісьменніка, аўтара «Нашай Нівы» Лявона Гмырака (Мечыслава Бабровіча), ці літаратуразнаўцы, прафесара Міхайлы Піятуховіча, або дзеяча вызвольнага руху Пётры Ільючонка, настаўніцы ВБГ Алёны Лекант-Сакаловай, або такой трагічнай постаці, як лекар, дзеяч навукі і культуры Іван Цьвікевіч (брат таго самага Цьвікевіча).

Могуць сказаць: гэта ўжо не першарадныя постаці нашай гісторыі. Мажліва.

Але вось Клаўдзій Дуж-Душэўскі, Макар Краўцоў і Ян Станкевіч — дзеячы прыкметныя. Як і Язэп Лагіновіч (Павел Корчык), палітычны сакратар Камуністычнай партыі Заходнай Беларусі (КПЗБ) і сябар палітбюро Камуністычнай партыі Польшчы, ці яшчэ адзін дзеяч беларускага камуністычнага руху — Міхал Гурын-Маразоўскі. І іх 125-годдзе прайшло амаль непрыкметна.

Клаўдзій Дуж-Душэўскі.

Клаўдзій Дуж-Душэўскі.

Ёсць спадзяванне 

Нешта робіцца з намі. Як быццам упалі ў бяспамяцтва і эсдэкі, і нацыянал-дэмакраты з БНФ, і хадэкі, і камуністы, і царкоўнікі.

І ўсё ж у мяне ёсць спадзяванне, што ў 2017 годзе я буду слухаць святочны канцэрт харавой капэлы імя Шырмы, бо ў наступным годзе спаўняецца 125 год з дня нараджэння незабыўнага Рыгора Раманавіча.

Рыгор Шырма (злева) з Нілам Гілевічам (справа).

Рыгор Шырма (злева) з Нілам Гілевічам (справа).

І ёсць спадзяванне, што Нацыянальная бібліятэка Беларусі разам з бібліятэкай БДУ наладзяць сапраўднае свята кнігазнаўцам і гісторыкам бібліятэчнай справы ў 125-я ўгодкі першага дырэктара НББ Іосіфа Сіманоўскага. Хацелася б, каб архівісты (а заадно эсдэкі і пісьменнікі) не забылі пра юбілей Міхася Мялешкі, а тэатралы — пра Зыгмунта Абрамовіча, актора Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Калі мы тут згадалі імя Буйніцкага, дык нельга не ўспомніць і пра 125-годдзе ягонага зяця Міхала Нікіфароўскага.

Чамусьці ўпэўнены, што нашы філолагі не праігнаруюць 125-годдзе Браніслава Тарашкевіча, што гэтую дату згадаюць і ў Акадэміі навук, і ў педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.

І камуністам варт было б згадаць. І эсдэкам, бо аўтар класічнай беларускай граматыкі, перш чым стаць сябрам КПЗБ, быў сацыял-дэмакратам.

Цікава будзе паназіраць у 2017-м паводзіны вышэйшых уладных колаў. Ці згадаюць яны пра 125-годдзе Аляксандра Чарвякова? Ці успомняць пра гэтую дату камуністы? І як да яе паставяцца эсдэкі? Або вось яшчэ адзін тэст для камуністаў: 125-годдзе беларускага паэта Алеся Гурло. Што 100-годдзе кастрычніцкага перавароту камуністы адзначаць — сумнення няма. А ці ўшануюць яны памяць актыўнага ўдзельніка тых падзей — пытанне.

Аляксандр Чарвякоў (справа) з сялянамі. 

Аляксандр Чарвякоў (справа) з сялянамі. 

Цяжка ўгадаць, як камуністы і ўлады паставяцца да 125-гадовага юбілею Сяргея Карпа, які ў 1920-я гг. узначальваў гаспадарчыя і планавыя органы БССР, а з 1929 г. быў старшынёю Дзяржплана Расіі. Мо габрэйская супольнасць Беларусі ўшануе памяць гэтага чалавека, бо Карп да ўступлення ў бальшавіцкую партыю быў сіяністам-сацыялістам. І чамусьці верыцца, што каталікі і хадэкі не забудуць пра 125-годдзе Адама Станкевіча, бо такое бяспамяцтва было б залічана ім як грэх. Заадно ім варт было б прыгадаць і юбілей святара Міхала Борыка.

З усіх юбіляраў наступнага году апошнім часам найбольш ушаноўваецца Зоська Верас.

Зоська Верас з Гальяшом Леўчыкам і Рамуальдам Зямкевічам.

Зоська Верас з Гальяшом Леўчыкам і Рамуальдам Зямкевічам.

Мабыць, таму, што яе спадчыну, як і спадчыну Ларысы Геніюш, актыўна публікуе і прапагандуе Міхась Скобла. Цікава, якімі публікацыямі парадуе нас Міхась і як адзначыць гэты юбілей Саюз беларускіх пісьменнікаў? А ці ўшануе СБП 125-гадавіну з дня смерці Фелікса Тапчэўскага, знакамітага Юркі, аўтара «Панскага ігрышча»? (Што 100-годдзе з дня смерці Максіма Багдановіча будзе ўшанавана, у тым я не сумняваюся.)

Было б цікава пачытаць у юбілейны для іх год новыя матэрыялы пра жыццё і дзейнасць Паўла Алексюка і Сільвестра Ваявудскага, якія, што б ні казалі пра іх, адыгралі пэўную ролю ў гісторыі нашай краіны. Было ж у іх дзейнасці і нешта станоўчае. І ніхто не будзе адмаўляць тое станоўчае, што зрабіў за сваё кароткае жыццё настаўнік, вайсковы і грамадска-палітычны дзеяч Андрэй Якубецкі.

Думаючы пра юбілеі 2017-га, я прадбачу ідэалагічныя сутычкі і ў сувязі з сотай гадавінай Вялікай рэвалюцыі ў Расіі, якую бальшавікі назвалі Лютаўскай, і ў сувязі з 100-й гадавінай бальшавіцка-леваэсэраўскага перавароту, які бальшавікі назвалі вялікай, а ў дадатак яшчэ і сацыялістычнай рэвалюцыяй. Не меншыя спрэчкі будуць і вакол 100-х угодкаў пачатку палітычнай Беларускай нацыянальнай рэвалюцыі, памятнымі падзеямі якой сталі З’езд беларускіх нацыянальных арганізацый (сакавік) і Усебеларускі з’езд (снежань).

А вось вакол дзвюх датаў, пэўна, ніякіх спрэчак ужо не будзе, бо нават рымскі біскуп аддае належнае Марціну Лютару. Без вывешаных ім 31 кастрычніка 1517 года 95 тэзісаў, з якіх пачалася Рэфармацыя, былі б немагчымыя і Каталіцкая Рэфармацыя, і Берасцейская унія, і сучасная Еўропа, і Злучаныя Штаты Амерыкі.

А яшчэ раней — 6 жніўня 1517 года — у Празе Чэшскай у лекарскіх навуках доктар Францішак Скарына са слаўнага горада Полацка «Богу ка чці і людзям паспалітым к добраму навучэнню» выдаў Псалтыр. Паказальна і павучальна, што ў XVII ст. уніяцкі мітрапаліт Антоній Сялява параўноўваў (ставіў на адну дошку) нашага першадрукара з Лютарам.

Добра было б, калі б улада прыслухалася да голасу інтэлігенцыі і абвясціла 6 жніўня Днём беларускага друку, а імя Скарыны надала Нацыянальнаму аэрапорту. Гэты акт быў бы ўспрыняты грамадствам цалкам станоўча, бо цяпер, праз 5 стагоддзяў, Скарыну, быццам і не нішчылі ягоныя кнігі, хваляць і праваслаўныя, і каталікі, а некаторыя свецкія асобы нават хочуць, каб яго кананізавалі. На маю ж думку, Скарына, як і Еўфрасіння Полацкая, як і Кірыла Тураўскі, і без кананізацыі ўжо стаў іконай Беларусі, культавай асобай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?