Хапун на прадмет дачыненьня да выбуху прымушае ўсіх цьвяроза мысьлячых людзей як мага хутчэй абзавесьціся салідным алібі.

Добры дзень, можна?

— Добры дзень.

Я ад знаёмага, які ведае чалавека, кум сястры якога некалі сядзеў разам зь Вінцуком…

— Вінцук… Вінцук… А! Гэта такі ў акулярах, з БНФ! Мне пра яго расказваў сын суседа пляменьніцы майго цесьця. У яго была праблема — ня мог набыць плястыкавага пакету. Прадавачкі казалі: мы вам пакет прададзім, а вы яго гайкамі нафаршыруеце — і на «Славянскі базар». Вось вы нам спачатку алібі, што спалі ў ноч на чацьвёртага, а потым мы вам пакет… Ну, я яму за паўлітру збацаў паперачку, быццам мы разам на чацьвёртага ўсю ноч сьпявалі караоке пад Агурбаш. Суседзі зьнізу быццам нават мянтоў выклікалі.

І што, паверылі?

— А то! Які чыноўнік не паверыць чалавеку, калі алібі яму выпісвае сам ляўрэат рэспубліканскага конкурсу камбайнёраў па зборы рапсу 1999‑га году! Гэта ж вам ня жонка або сусед. Да такіх алібі даўно даверу няма. Наадварот. Скажуць — цю, дык ваш сведка‑сусед дагэтуль не заплаціў за ўстаноўку жалезных дзьвярэй у пад’езьде. Нешта вы цямніце, грамадзянін, калі спасылаецеся на такіх тыпаў. А ці няма ў вас дома плястыкавых пакетаў? Ёсьць? Сябра АГП і яшчэ мае дома пакеты! Дык у вас жа на лобе напісана, што вы той самы, які, як піша «Саўбелія», хацеў нам «іспортіть празднік».

М‑да!

— Вінцук — гэта яшчэ што! Прыходзілі да мяне пяць маладых дэмакратаў. Кажуць — шыюць выбух. Алібі трэба. Напісаў ім за пляшку салідную цыдулку — усю ноч на чацьвёртага гуляў зь імі ў ачко на распрананьне. Замялі справу ўмэнт. Які чыноўнік ня дасьць веры чалавеку, калі алібі яму выпісвае сам ляўрэат рэспубліканскага конкурсу камбайнёраў па зборы рапсу 1999‑га году!

Ух ты!

— Вам, я так разумею, таксама алібі трэба.Толькі адразу папярэджваю: калі вы апазыцыянэр і вам трэба нейкія гайкі для рамонту набываць, я бяру за такое алібі не стандартныя 500 грам, а літруху. Тут простага алібі мала. Тут трэба дэталёва і падрабязна пісаць: я, ляўрэат рэспубліканскага конкурсу камбайнёраў па зборы рапсу 1999‑га году, выпадкова ў ноч на чацьвёртага ліпеня аказаўся ў вашай кватэры і назіраў, як вы ў тую ноч з жонкай спалі ў ложку, з такой гадзіны да такой на правым баку, а з такой да такой — на левым.

Ясна. Але ў мяне іншая справа — трэба алібі, што я быў на месцы выбуху.

— ?!

Проста я кіраўнік Савету бясьпекі. Былы. Праз той выбух мяне з працы папёрлі. А зараз яшчэ думаюць адправіць у нейкае Лімпапо! Калі ў мяне будзе алібі, што я самы першы прыляцеў на месца здарэньня…

— М‑да. Давайце так напішам: я, ляўрэат рэспубліканскага конкурсу камбайнёраў па зборы рапсу 1999‑га году, як той самы чалавек, які 4 ліпеня «іспортіл празднік», сьведчу, што першым на месца выбуху прымчаў такі і такі. Дуйце па пляшку, пакуль я тут усё аформлю.

А павераць?

— Ну які чыноўнік не паверыць чалавеку, калі алібі яму выпісвае сам ляўрэат рэспубліканскага конкурсу камбайнёраў па зборы рапсу 1999‑га году!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?