Магілёўскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта заведзена крымінальная справа ў дачыненні да жыхара Шклова 1974 г.н., якога падазраюць у здзяйсненні кватэрных крадзяжоў на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, паведаміла ў сваім фэйсбуку прадстаўнік СК Аксана Салянюк.
19 снежня падазраваны пры спробе крадзяжу з адмычкамі залез у жылое памяшканне. Аднак літаральна ў калідоры быў заспеты гаспадаром кватэры. Гаспадар пагнаўся за злодзеем і той, ратуючыся, пераскочыў цераз плот, але апынуўся на тэрыторыі Магілёўскага інстытута МУС, дзе і быў затрыманы курсантамі ВНУ.
Па дарозе падазраваны згубіў звязку ключоў і адмычак.
У цяперашні час следствам высвятляецца дачыненне затрыманага да іншых крадзяжоў з кватэр, учыненых у вобласці з чэрвеня па снежань 2016 года. Вядома, што падазраваны ўжо быў раней судзімы за серыю крадзяжоў і вызваліўся з папраўчай установы ў чэрвені гэтага года.





