Былы міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, якога нечакана на пасадзе змяніў лідар камуністычнай партыі Ігар Карпенка, вярнуўся працаваць у БДУ. Ён па-ранейшаму ўзначальвае кафедру тэарэтычнай і прыкладной механікі механіка-матэматычнага факультэта.

Пра гэта Жураўкоў распавёў Еўрарадыё.

«Ужо на кафедры, размаўляю цяпер са сваімі калегамі са Швецыі. У нас шмат цікавых праектаў. Працягваю працаваць там жа, дзе і пачынаў, — цяпер загадчык кафедры».

Да таго як заняць міністэрскую пасаду, Міхаіл Жураўкоў шмат гадоў працаваў у БДУ, ён быў дэканам механіка-матэматычнага факультэта, прарэктарам універсітэта. На пасадзе міністра адукацыі ён прабыў два гады. За гэты час ён анансаваў шмат рэформаў: чацвёрты прадмет на тэставанні, незалежная атэстацыя для дзевяцікласнікаў, нацыянальны экзамен для выпускнікоў школ.

Пры Міхаіле Жураўкове Беларусь прынялі ў Балонскі працэс, у школе павялічылася колькасць гадзін выкладання беларускай мовы, з'явіўся «базавы падручнік». Сваю адстаўку былы міністр адукацыі каментаваць не стаў: «Тут ужо ўсё сказана».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0