Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ «Аб пенсійным забеспячэнні грамадзян, якія пацярпелі ў выніку акту тэрарызму». Прыняты ўказ дазволіць павялічыць памеры пенсій грамадзянам, якія сталі інвалідамі з прычыны акту тэрарызму. Пра гэта паведамляе прэс-служба прэзідэнта Беларусі.

«Дакумент накіраваны на ўзмацненне сацыяльнай абароны грамадзян, якім устаноўлена інваліднасць прычыны цялесных пашкоджанняў, атрыманых непасрэдна ў выніку акту тэрарызму, які адбыўся 11 красавіка 2011 года ў Мінску на станцыі метро «Кастрычніцкая», — гаворыцца ў паведамленні. Адзначаецца, што прыняты ўказ дазволіць павялічыць памеры пенсій грамадзянам, якія сталі інвалідамі з прычыны акту тэрарызму.

Указам устаноўлены асаблівы парадак прызначэння і пераразліку пенсій пацярпелым. Прызначэнне такіх пенсій будзе ажыццяўляцца зыходзячы з заробку, вызначанага за апошнія 12 месяцаў працы, якія папярэднічалі акту тэрарызму, з улікам паказчыка ступені страты прафесійнай працаздольнасці (замест устаноўленай групы інваліднасці).

Будзе таксама забяспечвацца штомесячны пераразлік названых пенсій у сувязі з ростам у Беларусі сярэдняга заробку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0