Здарэнне адбылося 22 снежня ў вёсцы Узбалаць Валожынскага раёна. Там, цягам ужо 10 год, жыў 68-гадовы мужчына.
На выхадныя да яго прыязджалі жонка і сын, калі ў таго быў выхадны.
Так, 21 снежня, сын прыехаў да бацькі, яны вечарам прапалілі лазню. Памыліся і перад сном селі глядзець тэлевізар.
Раптам у хаце знікла святло. Мужчыны падумалі, што гэта з-за надвор’я і ляглі спаць.
А праз некаторы час сусед таксама заўважыў, што знікла святло. І ў гэты ж момант пачуў, што на вуліцы нешта моцна страляе.
Першая думка была, што дзеці ўзрываюць петарды, але вырашаў выйсці праверыць, ці не гарыць што, бо і на страляніну шыферу гук таксама быў падобны.
Выйшаў у двор і ўбачыў, што гараж суседа гарыць адкрытым полымем. А побач у вальеры брэша, аж заліваецца, сабака.
Сусед выпусціў сабаку і зразумеў, што суседзі, пэўна спяць, і пра гэта не ведаюць. Стаў грукацца ў шыбы. Выклікалі пажарных.
Бачачы, што гараж і маёмасць у ім выратаваць не ўдасца, сусед і гаспадар дома стаялі ўбаку ля плота.
Раптам 68-гадоваму мужчыну стала блага, ён упаў. Хуткая, што прыехала на месца здарэння, канстатавала смерць.
Пра гэты выпадак «Рэгіянальнай газеце» расказала следчая Валожынскага РАСК Дар’я Мікуліч.
— Пажар здарыўся, хутчэй за ўсё, праз няспраўную электраправодку ці кароткае замыканне. А вось ці стала прычынай смерці тое, што сэрца мужчына не вытрымала гэтага стрэсу, скажа экспертыза.





