Як стала вядома «Беларускаму партызану», пасля прызначэння на пасаду міністра адукацыі Ігар Карпенка склаў з сябе паўнамоцтвы першага сакратара ЦК Камуністычнай партыі Беларусі.
Выканаўцам абавязкаў першага сакратара прызначаны Георгій Атаманаў — раней першы сакратар па арганізацыйна-партыйнай працы. Рашэнне прынята «ў сувязі з вялікай загружанасцю Першага сакратара ЦК КПБ па асноўнай дзяржаўнай пасадзе». У лютым наступнага года павінен адбыцца пленум ЦК КПБ, які абярэ новага кіраўніка кампартыі.
Беларускае заканадаўства аб дзяржаўнай службе не забараняе чыноўнікам быць сябрамі палітычных партый. У гэтым сэнсе яно утрымлівае толькі адно абмежаванне — забараняе «выкарыстоўваць службовае становішча ў інтарэсах палітычных партый, рэлігійных арганізацый, iншых юрыдычных асоб, а таксама грамадзян, калі гэта разыходзіцца з інтарэсамі дзяржаўнай службы».





