Новы 2017 год пачнецца ў Беларусі з цёплага і сырога надвор'я, паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Дзмітрый Рабаў.

Паводле яго слоў, сярэдняя тэмпература чакаецца на 5—7°С вышэйшай за норму. Умовы надвор'я на тэрыторыі Беларусі ў асноўным будзе вызначаць цёплая, вільготная няўстойлівая паветраная маса атлантычнага паходжання.

У суботу, 31 снежня, воблачна. У асобных раёнах, пераважна па паўночна-ўсходняй палове краіны, невялікія ападкі (мокры снег, дождж), слабы галалёд. У асобных раёнах слабы туман, на дарогах галалёдзіца. Вецер заходні 5—10 м/с, па паўночным усходзе парывы да 14 м/с. Тэмпература ноччу мінус 5—плюс 1°С, днём мінус 1 — плюс 5°С.

У Мінску воблачна, без істотных ападкаў, слабыя туман і галалёд. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер заходні 5—10 м/с. Тэмпература ноччу мінус 1—3°С, днём 0 — плюс 2°С.

У нядзелю, 1 студзеня, у асобных раёнах, пераважна па паўночна-ўсходняй палове рэспублікі, невялікія ападкі з перавагай дажджу. У асобных раёнах туман. Галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература ноччу мінус 4 — плюс 3°С, днём мінус 2 — плюс 4°С.

У Мінску воблачна, невялікія ападкі, мокры снег, дождж, слабыя туман і галалёд. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер заходні 5—10 м/с. Тэмпература ноччу мінус 1 — плюс 1°С, днём 0 — плюс 2°С.

У панядзелак, 2 студзеня, ноччу ў асобных раёнах, днём пераважна па паўночна-заходняй палове краіны невялікія кароткачасовыя ападкі з перавагай мокрага снегу. Ноччу і раніцай у асобных раёнах туман, галалёд. На асобных участках дарог галалёдзіца. Раніцай і днём у асобных раёнах узмацненне ветру парывамі да 15—18 м/с. Тэмпература ноччу мінус 6 — плюс 1°С, днём мінус 3 — плюс 2°С.

У Мінску воблачна, магчымы невялікія кароткачасовыя ападкі, у асноўным мокры снег, слабыя туман і галалёд, на асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер заходні 5—10 м/с. Тэмпература ноччу мінус 1—3°С, днём мінус 1 — плюс 1°С.

Сіноптык папярэджвае: у навагоднія дні будзе ветранае надвор'е, неспрыяльнае для запуску феерверкаў. Вецер чакаецца каля 5—10 м/с, але парывы ў некаторых раёнах дасягнуць 14 м/с.

Паводле дадзеных сіноптыкаў, цяпер ледзяныя ўтварэнні адсутнічаюць на рэках басейнаў Нёмана, Віліі і Заходняга Буга, у вярхоўі Прыпяці і некаторых яе прытоках. Ледастаў і ледастаў з палонкамі захоўваецца на Сожы, большай частцы Дняпра, асобных участках Заходняй Дзвіны і Бярэзіны. На возеры Нарач, Заслаўскім, Вілейскім і Чыгірынскім вадасховішчах назіраецца ледастаў, месцамі адзначаюцца палонкі, у ледзяным покрыве з'явіліся расколіны. Выходзіць на лёд вельмі небяспечна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?