Віктар Марціновіч напісаў добры артыкул пра свет «постпраўды», у якім мы цяпер нібы апынуліся. Ёсць пару момантаў, дзе я не зусім згодны з аўтарам. Ці ёсць гэты феномен чымсьці новым, чаго не было раней і ці ёсць 2016 год апошнім годам праўды?

Куды ідзе сучасны чалавек?

Куды ідзе сучасны чалавек?

Оксфардскі слоўнік вызначыў post-truth (постпраўду) як тэрмін, звязаны «з акалічнасцямі, у якіх аб’ектыўныя факты менш уплываюць на фармаванне грамадскай думкі, чым апеляцыя да эмоцый ці асабістых забабонаў».

Віктар пераканаўча піша пра тое, якім чынам мы апынуліся ў вірутальнай Facebook-рэальнасці постпраўды. Паводле аўтара, перасяленне планеты ў Facebook стала той мяжой, за якой жыццё чалавецтва канчаткова раздвоілася на свет адносна сапраўдных эмоцый ды станаў і свет выгадных медыйных увасабленняў тых эмоцый ды станаў. Facebook-паспяховасць, facebook-задавальненне, facebook-балбатлівасць і нават facebook-змагарства канчаткова раздвоілі колькасць істот, якія чытаюць навіны, дыягназуе наш сённяшні стан Віктар.

Вельмі раю звярнуць увагу на спасылкі, якія аўтар запосціў у дадатак да свайго артыкула. Асабліва якасна праблема, якую разгортвае Марціновіч, выкладзена ў артыкуле Міхаіла Эпштэйна «Палітычнае рэха інфармацыйнага выбуху. Чаму ўсё больш людзей адстае ад чалавецтва?»

Эпштэйн піша: «Ці ёсць нейкая сувязь паміж ростам ісламскага фундаменталізму, паваротам Расіі да сярэднявечча, брытанскім Брэкзітам і цяперашнім поспехам трампізму ў ЗША? Мне падаецца, што ўсё гэта — разнастайныя рэакцыі на паскораны інтэлектуальна-тэхналагічны прагрэс грамадства і гуртаванне тых, хто адчувае сябе адрынутымі ў гэтым інфармацыйным стагоддзі. Утвараецца новы ар'ергард — людзей, якія адстаюць ад чалавецтва, адкінутых на яго перыферыю».

І гэтыя людзі лёгка вядуцца на ідэі, якія множацца і пашыраюцца не столькі лідарамі ар'ергарду (напрыклад, Трампам ці Пуцінам), а самімі людзьмі праз сацыяльныя сеткі, дзе праўда зусім губляецца.

Папулярнасць Пуціна, бліцкрыг ультраправых у Еўропе, «Крым наш» з аднаго боку і «Хто не скача, той маскаль» — з іншага; «Брэкзіт», перамога Трампа — усё гэта калектыўныя заклёны постпраўды, піша Марціновіч.

Не магу не падтрымаць занепакоеннасць Віктара тым, як проста мана, фальшывыя навіны распаўсюджваюцца ў свеце BigData. Таксама стаўлю «лайк» тэзісу пра постмадэрнізм: «Мяне закалупаў постмадэрн і яго постапакаліптычныя наступствы. Усе гэтыя гульні з адноснасцю ўсяго, у тым ліку этычнага, у тым ліку балючага, у тым ліку нечалавечага. З яго недаверам да гісторыі, асобы, думак, душы і пачуццяў».

Сапраўды, постмадэрн моцна затлуміў людзям галовы. Многія страцілі не толькі разуменне, што ёсць праўда, а што мана, але і маральны компас. Цяперашні алгарытм, паводле якога мы бачым пасты ў фэйсбуку, дарэчы, ёсць вельмі добрым прыкладам ці, мабыць, наступствам постмадэрнага адмаўлення аб’ектыўнай праўды. Мы бачым перш-найперш тых, каго мы лайкаем і каментуем, а таксама тое, што гэты алгарытм інтэрпрэтуе як адпаведнае нашым інтарэсам. Такім чынам, мы апынаемся ўнутры пэўных камунікацыйных бурбалак альбо echo chambers (чарговы модны тэрмін, які, як і постпраўда, адлюстроўвае нашу цяперашнюю сітуацыю).

Малюнак Christophe Vorlet, nytimes.com

Малюнак Christophe Vorlet, nytimes.com

Але людзі цяпер не проста сядзяць у бурбалках. Змянілася тое, якім чынам мы спажываем інфармацыю. Мы скролім стужку, не клікаючы на лінкі. Таму рэдактары многіх медыяў (гэтым грашаць і беларускія незалежныя СМІ) загалоўкі ператвараюць у так званыя клікбэйты, то бок робяць іх больш сенсацыйнымі, каб чалавек меў большую матывацыю перайсці па спасылцы. Загалоўкі нярэдка не толькі не адлюстроўваюць змест артыкула, а яму супярэчаць. Гэта яшчэ больш ускладняе нашу магчымасць адрозніць, дзе ў нашай стужцы праўда, а дзе мана.

Насамрэч, адзіны дзейсны спосаб, прыдуманы чалавецтвам, які нас вядзе да разумення аб’ектыўнай праўды, — гэта пошук добрых тлумачэнняў разнастайным феноменам, іншым словам — навука. Атрыманне верыфікацыйных, праўдзівых тлумачэнняў рэчаіснасці немагчымае без крытычнага мыслення і недаверу альбо сумневу ў любых аўтарытэтах.

Віктар настальгуе па ранейшых часах: «З часоў антычнасці гэтыя паняцці — праўда і вера — знаходзіліся ў стане ўпарадкавання. У праўду мы мусім верыць, бо інакш зробімся дрэннымі», а пра сучаснасць аўтар піша: «цяпер вера канструюе праўду, а не наадварот».

Толькі ці было тое праўдай, у што людзі ў антычныя часы і наступныя стагоддзі верылі? Ці было насамрэч упарадкаванне? Ці сапраўды быў нейкі ідэальны сімбіёз веры і праўды ажно да эпохі постмадэрну, калі з’явіліся сацыяльныя сеткі, палітычныя бурбалкі і echo chambers і калі разумнікі з Сіліконавай даліны дэвальвавалі і размылі гэты панятак?

Раннія рэлігіі, мабыць, сапраўды былі найлепшымі тлумачэннямі, якія людзі тых часоў маглі прыдумаць, каб асэнсаваць свет навокал. Святар быў і навукоўцам, і філосафам, і псіхолагам. Але праблема з рэлігіямі, прынамсі з асноўнымі монатэістычнымі (іўдаізмам, ісламам і хрысціянствам) — гэта вера ў сакральнасць рэлігійных тэкстаў, да якіх не павінна быць ніякага недаверу. Колькі нявінных шукальнікаў лепшых тлумачэнняў было закатавана, распята, спалена на вогнішчах, патоплена і забіта!

Хоць многія сучасныя навукі сваімі каранямі сыходзяць у рэлігію, насамрэч, чалавецтва пачало прыходзіць да пошукаў аб’ектыўнай праўды без рэлігійнага фільтра толькі ў Эпоху Асветніцтва. Прыгадайма слоган Лонданскага каралеўскага таварыства па развіцці ведаў аб прыродзе «Nullius in verba» (не вер нічыім словам). Сумнеў і недавер да аўтарытэтаў, кім бы яны ні былі, ляглі ў аснову новай эпохі.

Прыгадайма адзін з прынцыпаў навуковага падыходу: мы спачатку высоўваем гіпотэзу (часам неймаверную) і потым намагаемся яе аспрэчыць. Недавер дазваляе ставіць пад сумнеў догмы і забабоны і спрыяе здаровай дыскусіі па спрэчных пытаннях, штурхае наша разуменне свету наперад.

Постмадэрнізм перакруціў гэты прынцып з ног на галаву. Пошукі найлепшых тлумачэнняў і іх верыфікацыя змянілася адмаўленнем аб’ектыўнай праўды і нават чалавечай прыроды.

Фота im8.asset.yvimg.kz.

Фота im8.asset.yvimg.kz.

Не пагаджуся з літаратурным перабольшваннем у загалоўку артыкула, што мы нібы перажываем «апошні год праўды». Аб’ектыўная праўда (напрыклад, пэўныя фізічныя законы) існавала і будзе існаваць незалежна ад таго, ці разумеем мы яе, ці не, нават незалежна ад таго, жывыя мы ці не. Але з кожным годам наша разуменне свету вакол нас становіцца лепшым. Шпаркі прагрэс пошуку добрых тлумачэнняў рэальнасці, які распачаўся ў Эпоху Асветніцтва, працягваецца, як бы гэтаму не перашкаджаў постмадэрн.

2016 год у гэтым сэнсе не ёсць нейкім рубіконам. Калі глядзець на гісторыю чалавецтва, то мы маем доўгую дарогу, паабапал якой ляжаць ахвяры нашых рэлігійных і нацыянальных міфаў. Цяперашні перыяд «постпраўды» асабліва нічым не вылучаецца ў параўнанні з мінулым. Рост папулярнасці натывізму, ізаляцыянізму, alt-right і г.д. — гэта непакоячыя тэндэнцыі, якія будуць мець негатыўныя наступствы, але не спыняць, хіба толькі затармозяць прагрэс чалавецтва.

Сацыяльны эпістэмолаг, трансгуманіст Стыў Фулер сцвярджае, што ў ХХІ ст. палітычны спектр чакае перафарматаванне. Падзел на правых і левых будзе усё больш і больш змяняцца на «верхніх» і «ніжніх» (up-wingers і down-wingers). Першыя — за тэхналагічны прагрэс, марфалагічныя свабоды, радыкальны працяг жыцця, трансгуманізм, вывучэнне космасу, мультыпланетарнасць і г.д. Апошнія — за жыццё на Зямлі, экалагізм, прыраўнанне чалавека да іншых біялагічных відаў, правы жывёлаў, супраць зменаў чалавечага цела і рэдагавання/карэкцыі эмбрыёнаў і г.д.

Фулер называе падобную «ніжнюю» візію постгуманізмам, бо, у адрозненне ад трансгуманістычных up-wingers, тут змяшчаецца каштоўнасны фокус з чалавека на іншыя біягалічныя (і ў перспектыве таксама на постбіялагічныя) віды.

Нельга выключаць, што мы цяпер якраз назіраем першыя кволыя і не зусім усвядомленыя і асэнсаваныя праявы падобнага палітычнага перафарматавання. Магчыма, Фулер памыляецца і паміж гэтымі візіямі магчымы сімбіёз, але відавочна тое, што палітычны спектр пачало хістаць і гэтае хістанне ў бліжэйшай перспектыве наўрад ці спыніцца праз новыя выклікі ХХІ стагоддзя: аўтаматызацыю працы і страту працоўных месцаў, няпэўнасць у заўтрашнім дні, сацыяльную няроўнасць, кліматычныя змены і міграцыю, крызіс рэлігій і няздатнасць значнай часткі грамадства знайсці раўназначную духоўнай альтэрнатыву ў куды больш атэістычным свеце.

Нягледзячы на ўсе гэтыя праблемы, ёсць падставы для аптымізму. Прынамсі, калі мы паставім крыж на постмадэрным адмаўленні аб’ектыўнай ісціны. Гуманітарная адукацыя тут грацьме ключавую ролю, калі не будзе крыніцай постмадэрнай міфалогіі, а будзе вучыць людзей крытычна і творча мысліць, сумнявацца ў аўтарытэтах і правяраць інфармацыю. Людзі з такімі ўменнямі — апошнія, каму варта баяцца аўтаматызацыі і штучнага інтэлекту. Словы не мае, а Эрыка Шмідта, выканаўчага старшыні Alphabet Inc. (матчына кампанія Google).

Дзякуючы інтэрнэту і новым інфармацыйным тэхналогіям пашыраецца не толькі і не столькі дэзынфармацыя, але і магчымасці для верыфікацыі.

Галоўнае, мець на гэта ахвоту і не верыць у тое, што праўды не існуе. Паляпшаюцца і магчымасці для камунікацыі, вядзення бізнэсу паміж прадстаўнікамі розных народаў, а таксама магчымасці атрымліваць новыя веды.

Як ніколі раней, стала проста вучыцца і пашыраць свой кругагляд праз адкрытыя курсы і лекцыі ад найлепшых універсітэтаў свету, электронныя кнігі, навуковыя фільмы і падкасты.

Разам з гэтым віртуальным ламаннем межаў і знішчэннем адлегласцяў, павялічваецца і кола тых, каго мы лічым не ворагамі, а сваімі калегамі, сябрамі, аднадумцамі, незалежна ад іх нацыянальнасці і месцазнаходжання.

Песіміст, можа быць, і скажа, што мы цяпер жывём нібы ў 1939 годзе. Вайны яшчэ няма, але ўсё кажа, што яна вось-вось павінна адбыцца. Але аб’ектыўныя дадзеныя сведчаць пра тое, што мы жывём у самы доўгі перыяд міру за ўсю гісторыю чалавецтва. Гэта таксама час найбольшага дабрабыту, змяншэння галечы, пашырэння адукацыі, правоў чалавека і прагрэсу ў навуцы. Паспрыялі гэтаму, як нішто іншае, інфармацыйныя тэхналогіі, якія зрабілі веды і інфармацыю шырокадаступнай. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?