Андрэ Бём.

Ужо чатыры месяцы, як спадар Бём працуе ва Усходнееўрапейскім універсітэце імя Лесі Украінкі ў Луцку, чытае лекцыі па літаратуры. Хоць Каляды яго любімае свята, што не дзіўна, бо яно любімае для большасці немцаў, адзначаў яго ў Беларусі разам са сваякамі жонкі-беларускі. У Нямеччыну яны паедуць ужо пасля Новага года.

«У Нямеччыне Каляды святкуюцца тры дні — 24, 25 і 26 снежня. Раство — найгалоўнае свята для немцаў. Падрыхтоўка да яго доўжыцца чатыры тыдні, гэты час называецца Адвэнт — прыход Хрыста. У адмысловы вянок ставіцца чатыры свечкі і кожную нядзелю запальваецца па адной. Калі гараць усе чатыры, надыходзіць Раство», — распавядае спадар Бём. — Традыцыйныя калядныя кірмашы пачынаюць працаваць у сярэдзіне лістапада. Там можна купіць вельмі шмат рэчаў, звязаных з Раством: цацкі, сувеніры, прысмакі і, канечне, глінтвейн».

Кірмаш у Дрэздэне. Фота europeanbestdestinations.com

Каляды ў Нямеччыне лічацца сямейным святам. 24 снежня немцы наведваюць святую Імшу, а потым збіраюцца за святочнай вячэрай. На стале могуць быць розныя стравы, але абавязкова ўрачыстыя. Звычайна ў гэты дзень гатуюць гуску, але паколькі яна не ўваходзіць у лік любімых страў Андрэ Бёма, то гэтую традыцыю ён пры святкаванні абыходзіць.

Фота kapriz.club

«Для многіх немцаў Раство — адзіны дзень у годзе, калі яны наведваюць каталіцкую царкву або пратэстанцкую кірху. Нягледзячы на тое, што гэта хрысціянскае свята, у Нямеччыне амаль ніхто не пасціцца, — адзначае Андрэ. — Пры святкаванні ежа адыгрывае вялікую ролю. Немцы пякуць каляднае печыва, прычым у розных рэгіёнах Нямеччыны ёсць свае традыцыі выпякання. Робяць імбірныя пернікі, калядны пірог штолен».

Пасля святочнага застолля немцы адкрываюць падарункі, якія чакаюць пад ялінкай. Іх прыносіць Вайнахтсман, што значыць «калядны чалавек», альбо Крысткіндл — дзіця Хрыста. Ёсць яшчэ і Святы Мікалай, але ён адорвае дзяцей задоўга да Калядаў, 6 снежня.

Фота gladrags.de

«Падарункі прынята дарыць багатыя. Занадта багатыя, я б сказаў. Дзецям дораць шмат вялікіх цацак, якія звычайна цягам года не набываюць. Тым, хто старэйшы, дораць тэхніку, тыя ж смартфоны, камп’ютары. Самае дзіўнае, што немцы, якія не вельмі багата жывуць, таксама так робяць. Часам дарослыя паміж сабой дамаўляюцца, што нічога не будуць адзін аднаму дарыць, але звычайна хтосьці адзін пра гэта забывае і ўсё адно нешта купляе», — усміхаецца спадар Бём.

Сам ён прыгадвае два калядныя падарункі, што дасталіся яму і асабліва запомніліся.

«Калі мне было чатыры, мне падарылі вялікі кран, вышэйшы за мяне, які, на жаль, вельмі хутка зламаўся. Мы яго яшчэ потым рамантавалі, — прыгадвае Андрэ. — А калі мне было 18, атрымаў кнігі Льва Талстога «Ганна Карэніна» і «Вайна і мір» у нямецкім перакладзе. Я вельмі ўзрадаваўся і адразу пачаў іх чытаць».

У другі дзень, 25 снежня, прынята сустракацца з сябрамі і сваякамі, хадзіць у госці на чаяванне. Самым блізкім таксама дораць падарункі, але, канечне, не такія багатыя.

Новы год у Нямеччыне адзначаюць чыста сімвалічна. І карпаратывы ладзяць не перад Новым годам, а перад Калядамі. У навагоднюю ноч ужо зусім не дораць падарункаў, не рыхтуюць багатых сталоў. Немцы з сябрамі сустракаюцца ў барах, шпацыруюць па начных вуліцах, збіраюцца на плошчах. Але таксама п’юць шампанскае.

Брандэнбугская брама. Фота reisenerd.de

«Самыя вялікія навагоднія народныя гулянні ў нас ідуць каля Брандэнбугскай брамы ў Берліне, — кажа спадар Бём. — Думаю, шмат сусветных традыцый былі прыдуманыя менавіта ў Нямеччыне. Тая ж ялінка, тыя ж кірмашы, глінтвейн. Падобныя калядныя традыцыі ў Аўстрыі і Швейцарыі».

А вось з беларускіх адметнасцяў святкавання Андрэ вылучае традыцыю калядаваць і сустракаць Стары новы год. Першую ён доўга не мог зразумець, але зразумеўшы, упадабаў. А з другой пазнаёміўся ў інтэрнаце, калі прыехаў у Беларусь студэнтам на вучобу па абмене.

«Цяпер я жыву ва Украіне і заўважыў, што тут імкнуцца адрадзіць старыя традыцыі, якія вымерлі падчас Савецкага Саюза. Напрыклад, 19 снежня тут таксама прыходзіць Святы Мікалай і прыносіць дзецям прысмакі. Вельмі цікава, думаю, гэтую традыцыю варта таксама аднавіць і ў Беларусі», — прапанаваў Андрэ Бём.

Як святкуе Нямеччына — калядны Instagram

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру