У цэнтры Еўропы — прынамсі, калі лічыць Еўропай хаця б частку Расіі — знаходзіцца Беларусь. У цэнтры Беларусі — сталіца краіны, Мінск. А ў цэнтры Мінска стаіць Палац Рэспублікі, са сцэны якога расійскі прапагандыст Уладзімір Салаўёў амаль тры гадзіны расказваў беларусам за іх жа грошы пра тое, што Еўропа — зло. А што беларусы? А беларусы пляскалі ў далоні.

Насамрэч сустрэча з тэлевядучым пачалася раней запланаванага. Зміцер Дашкевіч з групай актывістаў зладзіў ля ганку Палаца Рэспублікі акцыю пратэсту супраць выступу Салаўёва. Нечакана ў атачэнні міліцыянтаў у цывільным і ўласных ахоўнікаў «да народу» выйшаў і сам «філосаф і пісьменнік». Трохі пасмяяўшыся з пратэстоўцаў і раздаўшы некалькі саркастычных каментароў журналістам, ён вярнуўся ў будынак.

«Унутры больш беларусаў, і яны прыйшлі на мой выступ», — падсумаваў Салаўёў.

Зрэшты, так і было. Нягледзячы на зусім не танныя цэны — квіткі ад 30 да 130 рублёў — народу ў зале хапала. Аншлагам гэта назваць было нельга, але ж і пустых крэслаў было не так шмат.

Сам «маэстра» з’явіўся з цемры і адразу ўзяў з месца ў кар’ер, пачаўшы з біблейскай прытчы пра Каіна і Авеля, але ж паціху пафас сышоў. Узгадаў Салаўёў і пратэстоўцаў, спачатку назваўшы іх «маладымі жырыноўцамі з пажылымі тварамі»:

«Яны ж крычалі «чамадан-вакзал-Расія!», такі лозунг быў калісьці ў Жырыноўскага. Яны там крычаць пра свабоду… Гэта д'яблы імі круцяць! Няўжо гэта свабода, крычаць, што заўгодна? Гэта канцэнтраваны эгаізм».

А то і проста вырадкамі:

«Дзесяць вырадкаў — дробныя, смешныя, праплачаныя пасажыры… Журналісты мне не далі да іх падысці, але ж я паглядзеў на тых людзей. Я думаў, яны кінуцца на мяне, будуць штосьці рабіць — а яны такія кволыя…»

Словы выступоўцы зала сустрэла апладысментамі.

Выступ Салаўёва складаўся з дзвюх частак. У першай — на пустой сцэне пад эфектным бялюткім святлом пражэктараў невялічкі чалавек у звыклым цёмна-шэрым фрэнчы разважаў аб лёсах Расіі і свету, час ад часу перасыпаючы прамову барадатымі анекдотамі. Увогуле, канечне, каб не псеўдапалітычныя ток-шоу, то Салаўёў цалкам мог бы знайсці сябе ў пярэстай камандзе «Аншлагу» — ва ўсякім выпадку, так падалося пасля яго жартаў ці парадыйных габрэйскіх інтанацый.

Асноўнай ідэяй выступу была ўсё тая ж старая мантра пра асаблівы расейскі шлях. Ці «наш» шлях — бо і беларусаў, і ўкраінцаў, і расейцаў, і астатніх жыхароў былога СССР аб’ядноўвае супольная крывавая гісторыя.

А Захад увесь час лезе да нармальных людзей са сваёй мараллю:

«Чаму яны нас пастаянна павучаюць? Заходняя культура вялікая, але ж фашызм — іхні, нацызм — іхні, інквізіцыя — іхняя, нават марксізм — іхні. А мы што? Сядзім сабе, кажам — да нас не лезьце! А яны лезуць, маўляў, не так седзіцё!».

Увогуле, па словах Салаўёва, «у Еўропы ідыёцкае жаданне раз на сто гадоў збірацца і ісці ў Расію атрымліваць у карак».

Пры гэтым ён не забываўся пра тое, што нягледзячы на супольную гісторыю, краіны ў нас з Расіяй усё ж розныя:

«Я не нацыяналіст. Размаўляеш на рускай — малайчына, на беларускай — наогул прыгажун, на украінскай — дай бог табе здароўя!»

А што ж да «рускага свету» — то Салаўёў нагадаў, што сам ён «з габрэяў», а свет любіць і рускі, і французскі, і англійскі, і нават кітайскі — бо «шмат чытае кітайскіх філосафаў і ў іх ежа смачная».

Імідж «свайго мужыка» павінны былі дапоўніць і жарты з расійскай улады:

«Паміж нашымі прэзідэнтамі шмат супольнага, абодва любяць хакей. Праўда, ваш яшчэ і гуляе ў яго», «Пасля затрымання Улюкаева ўрад вырашыў — ад «Роснефті» больш хабар не бярэм!».

Праўда, не забыўся Салаўёў пахваліць Фомачкіна, які пранёс на Паралімпіядзе расійскі сцяг:

«Беларус — прыгажун, гэта больш за мільён словаў і гэта не зламаць».

Калі ў Расіі дзве бяды — дурні і дарогі, то з прамовы Салаўёва можна зрабіць выснову: дзве еўрапейскія бяды — гэта мігранты і гомасэксуалы.

Напрыклад, можна было даведацца, што гамасэксуалы выбіраюць сабе дзяцей нібыта ў краме:

«Госпад аказаўся страшэнным шавіністам — што з мужыком ні рабі, а ён цяжарным не становіцца. І яны ўсынаўляюць дзяцей. Дзеці гэта што — тавар? Гэтых самых дзяцей некалькі як правіла, і заказчык выбірае найбольш удалых. А калі не падабаецца — можна вярнуць».

А «нармальныя» еўрапейскія мужчыны церпяць прыніжэнні сваіх жанчын мігрантамі ў створаных пасярод Еўропы мусульманскіх анклавах. Не тое, што ў Расіі!

«Вось прыехалі мігранты ў Архангельск, пайшлі на дыскатэку, — думалі тут усё дазволена, як у Германіі… Дык з бальніцы яны пазванілі ў паліцыю, а калі прыехала паліцыя… Са звычайнай палаты іх перавялі ў рэанімацыю», — прытча пра правільных мужыкоў ад нашага героя.

На думку Салаўёва, сёння ў свеце ідзе Вялікая Традыцыяналісцкая Контррэвалюцыя, «спроба выратаваць нармальнасць». Людзі стаміліся ад талерантнасці і паліткарэктнасці (і яшчэ ад пагрозы Ісламскай дзяржавы).

Хто гэтую рэвалюцыю ўзначальвае, думаю, чытач ужо здагадаўся.

У другой частцы гледачы задавалі Уладзіміру Салаўёву пытанні. Цікава, што людзям было трохі няёмка за свае «вастраватыя» фармулёўкі. Напрыклад, адзін хлопец нясмела цікавіўся, як «выказваць незадавальненне ўладай і не праслыць пятай калонай» (адказ: «пісаць дэпутатам, у інтэрнэт ці ісці працаваць у органы»), іншы, саромеючыся ўласнага нахабства, адзначыў, што ў Беларусі на тых, хто ваяваў ва Украіне, заводзяць крымінальныя справы, а ў Расіі — не (Салаўёў адказаў, што ён за роўнасць законаў, і крымінальныя справы, напэўна, заводзіць трэба).

Тэма Украіны гучала неаднаразова. Але ж ад Салаўёва можна было даведацца, што «Крым аддаваць нельга, ён не рэч, яго ніхто і не забіраў, там усё вырашылі самі людзі». А сама Расія ва Украіну ніколі не лезла. Ну, амаль што.

«Януковіч — вараватая жывёла. Але сёння ва украінскай уладзе людзі, якія раней былі з ім у адной камандзе, — пракаментаваў Салаўёў. — Але гэта іх справы».

«Расія туды не лезе, мы ж не ўводзім войскі ў Кіеў, не праводзім спецаперацый. Але і забіваць рускіх на Данбасе не дазволім!».

Войскі, дарэчы, не ўводзяць, бо «Пуцін паважае міжнароднае права».

«Чакаеце, калі Расія пачне анексаваць, стане агрэсарам? Не дачакаецеся!».

Ну і далей па тэксце. Зала пляскае ў далоні і рагоча з няхітрых жартаў. Мужчыну, які называе свой адрас як «Ялта, рэспубліка Крым, Расійская Федэрацыя» сустракаюць апладысментамі. З фразы, што «у Парашэнкі твар не еўрапейца, а алкаголіка» — смяюцца. Калі Салаўёў расказвае, як не паважае Познера, бо той раней быў савецкім прапагандыстам і ўвогуле «не мае яйцаў» — уважліва слухаюць.

«Забярыце нас як Крым» — просіць хтосьці.

«Народ сам вырашае сваю будучыню. Такое пытанне нельга абмяркоўваць нават як жарт!» — адказвае Салаўёў.

Нарэшце, праз тры гадзіны сустрэча сканчваецца. Задаволеная публіка разыходзіцца. Ідзе ў гардэроб і наш, айчынны салаўёў — вядучы «Справы прынцыпу» Вадзім Гігін, які сядзеў у адным з першых шэрагаў. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру