Час чарговы высакосны год
На ружанец памяці наніжа:
Дзень апошні топіцца, як лёд,
Ён ужо закрэслены на крыжык.
Стрэлка на дванаццаці дрыжыць,
Лук з напятай цецівою, срэбны.
Намі ўсе накрэслены крыжы —
Каляндар стары і непатрэбны.
Заўтра будзе новы каляндар,
Нібы вечнасць адкрывае вечка.
Будзе час для шчасця і для мар,
Каб не крыжык ставіць, а сардэчка.
31.12.2016