Гісторыя — свавольнае дзяўчо. Пакуль усе чакалі стагоддзя рэвалюцыі: адны, каб адсвяткаваць і, пры мажлівасці, паўтарыць, другія былі непарушнымі ў жаданні перадухіліць, рэвалюцыя чакаць не стала, прыйшла ў 2016. У яе пакуль няма ніякай назвы, што безумоўна мінус, але яе наступствы мы адчуем вельмі хутка, што таксама не надта плюс.

Што здарылася? Трамп? Брэкзіт? Безумоўна, гэта, дый не толькі. Напачатку была адмова Нідэрландаў ратыфікаваць угоду з Украінай, потым параза Рэнцы і, урэшце, згортванне дзейнасці Белсата. Усё гэта падзеі аднага парадку — рэвалюцыя ў светаадчуванні людзей. Іншымі словамі, адбылася адмова ад праекту глабальнага свету. Скончыўся перыяд ідэі пабудовы адкрытага грамадства, распачаты пасля Другой сусветнай вайны, — і вось новы віток гісторыі, такі ж непазбежны, як кліматычныя перыяды.

Напрыклад, возьмем кейс з Белсатам, цяпер гэта беларускі канал на польскія (еўрапейскія) грошы, відаць, хутка ён стане выразна польскім і добра калі на беларускай мове. Пытанне, глядзім мы, беларусы, яго ці не, для палякаў непрынцыповае, настрой, згодна з электаральнымі вынікамі, такі, што згортваем глабальнае і пачынаем сваё. Гэтаксама думаюць у Парыжы, Лондане, Тэхасе, і не сказаць, што беспадстаўна.

Глабалізацыя так і не вырашыла праблемы эміграцыі, сацыяльнай няроўнасці. Антыглабалісты могуць пачынаць святкаваць, свет зачыняецца па сваіх кватэрах, і, калі раней былі чаканні, што аб’яднаныя краіны Еўропы не будуць мець канфліктаў, зараз гарантый няма. Нам толькі і застаецца надзея, што дэмакратычныя інстытуты выдужаць, і, урэшце, ўсё гэта паспрыяе агульнаму імунітэту.

А што Беларусь? Мы, як заўжды, паміж тымі і гэтымі, выпусцілі манеты, дазволілі тое, не забаранілі гэтага. Але нешта змянілася, ёсць адчуванне, што і для нас 2016 быў годам рэвалюцыі. Годам, калі на ўсіх узроўнях перамагла канцэпцыя «Краіна Беларусь». З Новым годам! Усё будзе добра!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?