Маямі скалынаецца ад прыгодаў супэрмэна Хэнкока (Ўіл Сьміт). Як і належыць кожнаму супэрмэну, Хэнкок палюе за бандытамі, выратоўвае людзей і карае нягоднікаў. Але Хэнкок – алькаголік, грубіян і бомж, подзьвігі якога абыходзяцца гораду ў круглую суму. Выратаваны Хэнкокам рэкляміст (Джэйсан Бэйтман) вырашае зьмяніць непрывабны імідж супэргероя…
У амэрыканцаў усталяваўся культ – і стэрэатып супэрмэна. Неверагодныя здольнасьці, бескарысьлівасьць, мужнасьць. Пітэр Бэрг паспрабаваў унесьці лёгкую парадыйную карэкцыю ў сталыя штампы.
Перагар за мілю, жабрацкія лахманы, п’яная морда, неахайныя звычкі, брудныя жарты (не найгоршыя ў амэрыканскім кіно), цёмная скура – новы вобраз Дон Кіхота ад хмарачосаў.
Асацыяльнаму Дон Кіхоту з бутэлькаю віскі найперш неабходны граматны піяр (хаця герой да гэтага не ірвецца) – і выратавальныя курсы групавой псыхатэрапіі ў турэмнай камэры.
Для піяру нестандартнага супэргероя найболей пасуе непрактычны рэкляміст з добрым сэрцам (яшчэ адна фільмовая супярэчнасьць). Але ніхто не ўлічыў, што герой пакутуе ад самоты – і нічога не памятае пра свае сямейныя тайны, якія неўзабаве аб’явяцца.
Карціна Пітэра Бэрга ветліва грае з штампамі, зрываецца ў мэлядраму – і наганяе адмысловых эфэктаў (пад “Людзей Х”) – з ураганамі, падкінутымі машынамі, палётамі й непаражальнасьцю.
Нягледзячы на адхіленьні ад схемы, фільм цалкам зроблены ў традыцыях высокабюджэтнага масавага кіно – у якім акторскія здольнасьці Шарліз Тэрон не запатрабаваныя.
Карціна не прымусіць занадта нудзіцца, але няшмат пакіне ў сэрцы і галаве.