Каманда «Газпрам экспарт». Фота: БелТА

Каманда «Газпрам экспарт». Фота: БелТА

Аляксандр Лукашэнка называе Калядны турнір «неафіцыйным чэмпіянатам свету па хакеі сярод аматараў». У турнірнай табліцы на сайце Прэзідэнцкага спартовага клуба пазначаныя зборныя краін: акрамя Беларусі — Балканы, Швейцарыя, ААЭ, Славакія, Фінляндыя, Германія і Расія. «Ні шведаў, ні чэхаў, ні канадцаў, не кажучы ўжо пра амерыканцаў, сярод удзельнікаў няма… Беларусь 7-га студзеня будзе чэмпіёнам свету!..» — саркастычна адзначае на сваёй старонцы «ВКонтакте» колішні віцэ-прэзідэнт КХЛ Уладзімір Таржкоў.

Ён удзельнічаў у Калядных турнірах з самага іх пачатку: спярша як гулец ветэранскай каманды «Газпрам экспарт», а пасля як яе генеральны менеджар. У 2015-м годзе расійскія аматары выйгралі Калядны турнір, адолеўшы ў фінале каманду Аляксандра Лукашэнкі. З таго часу «Газпрам экспарт» на гульні ў Мінск не запрашаюць!

«Пераможцы турніру 2015 года запрашэнняў ужо два гады не прыходзіла. А калі б была прапанова, мы б з задавальненнем прыехалі, бо Мінск — прыемны горад, а Беларусь — выдатная краіна. Мы сябруем і з беларускім народам, і з беларускімі хакеістамі. Але па нейкіх прычынах нас не клічуць», распавядае ў каментарыі Еўрарадыё Таржкоў.

Уладзімір Таржкоў. Фота з сацсетак.

Уладзімір Таржкоў. Фота з сацсетак.

Ёсць у менеджара пытанні і да статусу зборнай Расіі, які год таму на Калядным турніры неспадзявана для сябе атрымала каманда міліцыянтаў са Смаленска, а сёлета — клуб «Самрау» з Уфы. «Клуб з Уфы ніяк не можа з'яўляцца зборнай Расіі. Зборную Расіі можа фарміраваць толькі Федэрацыя хакея Расіі. Мусіць быць запыт, і па гэтым запыце на турнір едзе ці юніёрская каманда, ці ветэранская, ці і зборная, ці алімпійская»,  працягвае Уладзімір Таржкоў.

У сераду «зборная Расіі» (а напраўду — каманда з Уфы) прайграла на Калядным турніры славакам з лікам 0:12, а 5 студзеня згуляла ўнічыю 4:4 з фінамі. Заўтра яе чакае сустрэча з камандай Германіі, таксама аўтсайдарамі групы B. Але ўжо цяпер можна сказаць, што расіяне выпалі з барацьбы за перамогу ў турніры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0