Міністэрства па падатках і зборах вынесла на грамадскае абмеркаванне праект зменаў у Адміністратыўны кодэкс.

З прапанаванымі дапаўненнямі можна азнаёміцца на афіцыйным сайце МПЗ. Яны тычацца адміністрацыйных правапарушэнняў пры абароце тытунёвай і алкагольнай прадукцыі.

У прыватнасці, падаткавікі прапануюць канкрэтызаваць адказнасць за продаж кантрафактнага алкаголю, а таксама алкаголю ўласнага вырабу.

Пакуль што за гэта накладаецца штраф у памеры да 10 базавых велічыняў. Аднак калі парушальнік прызнае віну, яму давядзецца заплаціць толькі 0,5 базавай велічыні.

Цяпер жа прапануецца на першы раз штрафаваць на 5—20 базавых велічыняў, а за паўторнае парушэнне — на 10—30 базавых велічыняў.

Як і раней, забароненыя алкагольныя напоі будуць канфіскоўвацца.

Таксама прапануецца ўзмацніць адказнасць за ўвоз у Беларусь кантрафактнага алкаголю.

Заўвагі і прапановы па праекце трэба накіроўваць у міністэрства да 20 студзеня (уключна) на электронны адрас: [email protected] з пазнакай «Абмеркаванне праекта». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?