Трое жыхароў Узды 9 гадзін збівалі свайго знаёмага. Яны нанеслі ахвяры больш за сотню ўдараў рукамі, нагамі і металічнай трубой. Сёння гэтая тройца на лаве падсудных — мужчынам пагражае смяротнае пакаранне.

Самагонны барон

Мінскі абласны суд пачаў разгляд гэтай справы 9 студзеня на выязным паседжанні ва Уздзе.

Абвінавачаныя — уздзенцы Фёдар Адамовіч, Максім Чарнавус і Дзмітрый Халупка. У маі 2016 яны выпівалі разам са сваім 47-гадовым знаёмым Іванам Махначом. А пасля — жорстка забілі яго.

Усіх — і абвінавачаных, і ахвяру — у першую чаргу яднае алкаголь. А таксама яго прадавец і вытворца Фёдар Адамовіч.

Фёдару Адамовічу 41 год. Адукацыю мае базавую. Да затрымання жыў з сужыцелькай, мае 12-гадовага сына.

На судзе Адамовіч трымаўся ўпэўнена. Ён адзіны, хто не адварочваўся і не закрываў твар.

Фёдар Адамовіч

Фёдар Адамовіч

Раней Адамовіч ужо быў асуджаны — у 2006 годзе яго судзілі за злоснае хуліганства. Ён атрымаў 240 гадзін грамадскай працы.

Адамовіч лічыўся індывідуальным прадпрымальнікам, але, па словах іншага абвінавачанага, Чарнавуса, нідзе не працаваў: «Ён як школу скончыў, нічым ніколі не займаўся».

Затое меў шмат знаёмых — да яго нярэдка хадзілі па парады, напрыклад, пры вырашэнні жыллёвых пытанняў. Не за проста так, само сабой.

Акрамя таго, добры прыбытак Адамовічу прыносіў гандаль самагонам. Ён яго не толькі прадаваў, але і даваў «на вексель». Пра пазыкі ніколі не забываўся — запісваў усё. Часта даўгі цягнуліся за «кліентамі» па некалькі гадоў і дасягалі не адной сотні рублёў.

Пры гэтым метады вяртання грошай у Адамовіча былі своеасаблівыя. Ён прымушаў людзей капаць сабе магілы, палохаў пілой і пагражаў адрэзаць ногі. Іншаму даўжніку пагражаў выразаць і забраць новы шклопакет.

Калі ў чалавека грошай не было, доўг можна было адпрацаваць на адамовічскай гаспадарцы.

Дарэчы, Фёдар Адамовіч адзіны, каго вінавацяць не толькі ў забойстве. У дачыненні да яго заведзеныя яшчэ дзве справы — за «прымус у выкананні абавязкаў» (яшчэ раней, у 2014 годзе, ён патрабаваў у знаёмага 2 мільёны «старых» рублёў за прададзены раней самагон. Пасля — якраз вазіў таго капаць магілу) і крадзеж (у 2016 годзе ён ізноў збіваў таго ж мужчыну, зноў жа за неаплачаны самагон. Затым — забраў у яго 3 мільёны рублёў).

Меў Адамовіч і «заклятага ворага» — мясцовага прадпрымальніка Генадзя Судніка. Каб не забойства Махнача, паміж мужчынамі павінен быў бы быць суд — Адамовіч заяўляў, што нібыта па замове Судніка яго збівалі і таксама вывозілі капаць сабе яму.

Фёдару Адамовічу быў вінен за той самагон і адзін з абвінавачаных — 35-гадовы Максім Чарнавус. Чарнавус таксама мае судзімасці, за нанясенне цялесных пашкоджанняў. У 2006 годзе ён быў прысуджаны да выпраўленчых работ, у 2009 годзе атрымаў 2 гады хіміі.

Забіты 47-гадовы Іван Махнач і сам не раз адбываў пакаранне. Мужчына жыў фактычна напаўжабраком. «Сям-там хадзіў, прасіў грошай», — па выразах абвінавачаных.

У Махнача была свая кватэра — трохпакаёўка. Але на ёй вісеў вялікі доўг за камунальныя паслугі, плюс «самагонныя» даўгі за некалькі гадоў перад Адамовічам… У выніку Махнач вырашыў прадаць жыллё. Дапамагчы ў гэтым вызваўся той жа Фёдар Адамовіч.

«Раптам узніклі асабістыя непрыязныя адносіны»

Апісанне траўмаў загінулага займае некалькі старонак: пераломы, раны, крывападцёкі, кровазліцці…

Але кавалкам трубы ахвяру не толькі збівалі.

«Не менш за два разы ўводзілі тарцавую частку прадмета ў вобласць задняга праходу пацярпелага», — зачытаў пракурор.

Ад шэрага траўмаў мужчына сканаў на месцы.

У абвінавачанні ў якасці прычыны збіцця агучваецца такая фармулёўка: «паміж мужчынамі раптам узніклі асабістыя непрыязныя адносіны».

Сваю віну прызнаў толькі адзін з абвінавачаных — 25-гадовы Дзмітры Халупка. І тое часткова.

«Удары наносіў. Але намеру забіваць у мяне не было», — сказаў ён.

«Ну што, Максім, забіў?»

Падрабязныя паказанні даў Максім Чарнавус.

Спачатку пракурор папрасіў яго распавесці пра сваё жыццё.

Аповед атрымаўся кароткім: нарадзіўся і пражыў усё жыццё ва Уздзе, скончыў 9 класаў, адвучыўся ў ПТВ на электрагазазваршчыка. Потым — армія, няўдалая спроба паступіць у вайсковую акадэмію.

«Потым пачаў сустракацца з дзяўчынай. Сын, шлюб…» — паціснуў плячыма Чарнавус.

Сёння мужчына ўжо разведзены. 13-гадовы сын жыве з былой жонкай.

Максім Чарнавус (злева) і Дзмітрый Халупка.

Максім Чарнавус (злева) і Дзмітрый Халупка.

Сам Чарнавус працаваў то тут, то там: апошнім часам неафіцыйна падпрацоўваў зваршчыкам. Быў аформлены як апякун сваёй старой бабулі. Кажа, што «згубіў 20% здароўя» — атрымаў траўму, былі праблемы з рукой. Адну аперацыю зрабілі, трэба было рабіць яшчэ адну.

Жыў з сужыцелькай Таццянай. Жанчына таксама піла. Праз гэта развялася з былым мужам, згубіла працу.

Раніцай 19 мая 2016 года да Чарнавуса заехаў на машыне Фёдар Адамовіч разам з Дзмітрыем Халупкам. Прапанаваў дапамагчы па гаспадарцы, пасля абяцаў «праставіцца» самагонкай.

Раней Чарнавус ужо дапамагаў Адамовічу і яго знаёмым, напрыклад, рабіў касметычны рамонт у кватэры Дзмітрыя Халупкі. Праз яго і пазнаёміўся з Адамовічам у лютым. А Халупка быў сябрам дзяцінства сужыцелькі Чарнавуса.

Разам з сужыцелькай і сяброўкай, што гасцявала ў іх, Чарнавус прыехаў дамоў да Адамовіча. Апошні вынес брагі, адразу выпілі.

Увогуле, расказаў Чарнавус, Адамовіч, фактычна, валодаў двума дамамі па вуліцы Камсамольскай. У адным, доме нумар 16, ён жыў з жанчынай і дзіцём, а другі, нумар 15, што стаяў на другім баку вуліцы, ужо гадоў з дзесяць «даглядаў».

Дом №15 раней належаў нейкай бабулі, пасля яе смерці сваякі старой папрасілі Адамовіча прыглядваць за хатай. Той распараджаўся маёмасцю як хацеў. На той момант там ужо некалькі месяцаў жылі — і пілі — Халупка і Махнач. Адамовіч набываў ім ежу, даваў алкаголь. Абодва мужчыны чакалі, пакуль іх уласныя кватэры будуць адрамантаваныя перад продажам.

«Ён хацеў нібыта прадаць кватэру Івана Махнача, а таго пасяліць у гэты дом, нібыта прадаць яго яму. Купіць Махначу трохі вопраткі, а яго кватэру забраць сабе», — сцвярджае Максім Чарнавус.

У той дзень, кажа Чарнавус, Адамовіч прымушаў Махнача нейкую распіску пісаць — а той не мог. Рукі моцна трэсліся, а Адамовіч пахмяліцца яму не даваў.

Пасля мужчыны ад’ехалі. Калі вярнуліся, то Чарнавус узяўся за працу. Трэба было касіць траву, і ён пайшоў у дом №15 пераапрануцца.

«Я ўбачыў, там Фёдар Адамовіч збіваў Махнача, — сцвярджае мужчына. — Казаў штосьці накшталт: 4 гады яго карміў, а Махнач нібыта хацеў перапрадаць кватэру Судніку».

Пазней, па словах Чарнавуса, Адамовіч яшчэ раз збіў Махнача — біў каленам у галаву.

І першы, і другі раз, сцвярджае Чарнавус, менавіта ён супакойваў Адамовіча, і той спыняў збіццё.

Пасля ён трохі пакасіў. Яго сужыцелька зварыла суп. Усе разам паелі.

Махнач папрасіў цыгарэту. Чарнавус дазволіў узяць толькі адну, бо было мала. Той наадварот — забраў некалькі, пакінуў толькі адну.

«Ну і я даў яму па ілбе, і па патыліцы», — прызнае Чарнавус. Але сцвярджае — пашкоджанняў нанесці не хацеў, так, трохі правучыў.

Пасля абеду Максім рабіў клетку для трусоў. Але неўзабаве пачуў крыкі і вярнуўся ў дом.

«Махнач ляжаў на падлозе. Штаны былі спушчаныя… ужо быў уведзены той… металічны прадмет у задні праход. І Адамовіч рабіў рухі туды-сюды прадметам і казаў: «Будзеш ведаць, як лезці Судніку ў такое ж месца», — узгадвае Чарнавус. — Не кожны дзень такое ўбачыш… думаю, гэта была частка карніза. Металічная труба».

Чарнавус нібыта адштурхнуў Адамовіча. Той пачаў лупцаваць сваю ахвяру трубой. Махнач крычаў: «Федзя, хопіць!».

Махнач быў увесь у крыві. Яго паднялі, пасадзілі на ложак. Чарнавус прапанаваў збітаму выклікаць хуткую. Той нібыта адмовіўся.

Выпілі яшчэ. Адамовіч ізноў прынёс брагі.

Чарнавус на кароткі час адлучыўся. А калі вярнуўся, то зноў убачыў, як Махнач стаіць на каленях са спушчанымі штанамі. Адамовіч ізноў трымаў у руцэ палку і ўводзіў яе ў задні праход сваёй ахвяры. Побач стаяў Халупка. Махнач крыкнуў яму штосьці, і Халупка пачаў яго збіваць, узгадвае Максім Чарнавус.

Ён нібыта спыніў збіццё, сцвярджае Чарнавус, зноў паклаў Махнача на ложак. Той дыхаў, час ад часу стагнаў.

Чарнавус вярнуўся да сваіх астатніх прыяцеляў, выпіў. Неўзабаве яму стала дрэнна — ён папрасіў сужыцельку прыглядзець за падзеямі. А сам лёг на канапу і заснуў. Адкрыў вочы, калі яго будзілі двое міліцыянтаў.

«Ну што Максім, забіў?» — спыталі яны.

«Збіваў, але не забіваў»

Дзмітрый Халупка спачатку адмовіўся, але пазней усё ж даў паказанні. З блізкіх сваякоў у яго толькі дзядзька, маці была пазбаўленая бацькоўскіх правоў. Сам ён скончыў 11 класаў у мясцовай гімназіі — 3 гады з іх правёў у Сувораўскай вучэльні, але сышоў. Пасля працаваў на будоўлях у Расіі.

З Фёдарам Адамовічам яго пазнаёміў Іван Махнач. Адамовіч даведаўся, што хлопец хоча памяняць сваю кватэру на меншую, прапанаваў таму зрабіць касметычны рамонт за свой кошт. Пакуль ідзе рамонт, ён запрасіў Халупку пажыць у яго доме, у якім ужо жыў Іван Махнач. Увогуле, пазней размова ўжо ішла аб тым, каб перасяліць Халупку ў дом цешчы Адамовіча — праўда, дэталі так і не абгаворваліся.

Дзмітрый Халупка пацвердзіў — у дзень забойства Івана Махнача ўсе яны разам з дзвюма жанчынамі выпівалі. Цягам дня Адамовіч некалькі разоў біў Махнача, крычаў, што той «працуе на Судніка». Адамовіча супакойвалі, але той потым заводзіўся і ізноў пачынаў лупцаваць прыяцеля. Пацвердзіў Халупка і эпізод з палкай — ён таксама бачыў, як Адамовіч засоўваў яе ў задні праход няшчаснага Махнача.

Сам ён таксама двойчы збіваў Махнача — спачатку той штосьці не тое яму сказаў, пасля — ударыў металічным саўком па руцэ. Але, настойвае Халупка, у жыццёва важныя органы ці па галаве не біў, яго ўдары не маглі прывесці да смерці.

Пасля ён яшчэ выпіў, паспаў. Прачнуўся, калі Махнач ужо ляжаў мёртвы.

Адамовіч загадаў выцерці сляды крыві і прытрымлівацца версіі, нібыта Махнач прыйшоў ужо збітым да іх.

Выклікалі хуткую. Дактары перавярнулі цела, убачылі яго стан і выклікалі міліцыю. 

Нічога не чуў, не ведаў, не бачыў

Нарэшце выслухалі і Фёдара Адамовіча. Ён коратка распавёў пра сябе: пасля школы падпрацоўваў на заводзе, займаўся вясельным бізнэсам: арганізоўваў вяселлі, відэаздымку. Вырабляў самагон — у прыватных мэтах. ІП у яго было адкрыта на відэаздымку, але апошнім часам Адамовіч, па яго словах, вырашыў заняцца фермерствам — вырошчваць трусоў.

Усе абвінавачванні ў пагрозах, збіцці «кліентаў» і прымусах капаць магілы Адамовіч не прызнаў.

«Нікога я не вывозіў нікуды. Пацярпелага ведаю даўно, ён быў мне вінен 5 мільёнаў: прыходзіў, браў самагон, грошы не даваў… І так апошнія 5 гадоў. Але я яго нікуды не вазіў, не біў, пілой не пагражаў, нават думак такіх не было», — заявіў ён.

А Махнач, па яго словах, планаваў падарыць яму сваю кватэру за тое, што Адамовіч глядзеў за ім 4 гады.

«Але я думаў купіць яму нейкі домік у вёсцы, нават ездзілі глядзець», — запэўніў Адамовіч.

А ўвечары 19 мая Адамовіч, па яго словах, быў у сваёй хаце. Толькі каля 10 вечара ён нібыта зайшоў у дом №15 і пабачыў, што Махнач ляжыць на падлозе, а над ім стаяць Чарнавус і Халупка.

«Я спытаў, што здарылася, але мне ніхто нічога не сказаў. Я дастаў тэлефон і адразу пазваніў па хуткую дапамогу», — сказаў Адамовіч.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?