Урад Беларусі зацвердзіў асноўныя напрамкі і ліміты дырэктыўнага крэдытавання дзяржпраграм і мерапрыемстваў на 2017 год. Агульны аб'ём крэдытавання складзе 1 млрд 900 млн рублёў, што на 32,1% ніжэй за леташні ўзровень.

Пастанова Савета міністраў ад 29 снежня № 1102 «Аб крэдытаванні дзяржаўных праграм і мерапрыемстваў у 2017 годзе» апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Згодна з дакументам крэдытаванне ў межах дзяржпраграм прадугледжанае ў аб'ёме 1 млрд 310,2 млн рублёў. У межах дзяржпраграмы развіцця аграрнага бізнесу на 2016—2020 гады ліміт усталяваны ў 1 млрд 91,9 млн рублёў. Паводле дзяржпраграмы будаўніцтва жылля выдзелена 218,3 млн рублёў.

Крэдытаванне суб'ектаў гаспадарання ў межах рашэнняў прэзідэнта і ўрада складзе 270,3 млн рублёў. На крэдытаванне арганізацый, якія рэалізуюць інфраструктурныя праекты, плануецца накіраваць 257,6 млн рублёў. У рамках рашэнняў прэзідэнта на крэдытаванне фізічных асоб будзе выдзелена 61,8 млн рублёў.

Акрамя Банка развіцця дырэктыўнае крэдытаванне будзе выдзяляцца праз «Беларусбанк» (570,5 млн рублёў), «Белаграпрамбанк» (708,5 млн рублёў), «БПС-Ашчадбанк», «Прыёрбанк», «Банк БелВЭБ» і «Парытэтбанк».

Зніжэнне аб'ёмаў дырэктыўнага крэдытаванне з'яўляецца адной з рэкамендацый Міжнароднага валютнага фонду беларускім уладам, якая неаднаразова гучала апошнія гады.

Аналагічныя патрабаванні вылучае Мінску іншы крэдытор — Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця (ЕФСР). Паводле ацэнкі Еўразійскага банка развіцця, які з'яўляецца кіраўніком сродкамі ЕФСР, аб'ёмы дырэктыўнага крэдытавання ў Беларусі з'яўляюцца празмернымі, накіроўваюцца на фінансаванне нізкарэнтабельных праектаў, таму аб'ёмы такой дзяржпадтрымкі павінны скарачацца. Згодна з умовамі атрымання крэдыту са сродкаў ЕФСР, пад якімі беларускія ўлады падпісаліся вясной мінулага года, у 2016 годзе максімальны аб'ём новых дырэктыўных крэдытаў не павінен перавысіць 2,8 млрд дэнамінаваных рублёў, у 2017-м — 2 млрд рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?