Дэпутат парламента, сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая звярнулася да кіраўніка Беларусі з патрабаваннем адмяніць так званы дэкрэт аб дармаедах. Пра гэта яна паведаміла на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

«Буду нешматслоўная. Сёння я звярнулася да прэзідэнта Лукашэнкі. Дэкрэт №3 «Аб прадухіленні сацыяльнага ўтрыманства», які ва ўсёй краіне называюць дэкрэтам аб дармаедах, павінен быць безумоўна адменены ў самы бліжэйшы час. Без усялякіх агаворак, дапрацовак і пр. Адменены, і кропка!» — напісала Канапацкая.

У звароце, адрасаваным прэзідэнту, Канапацкая піша, што эканоміка краіны ўступіла ў небяспечны структурны, сістэмны крызіс. У гэтых умовах людзі і так жывуць у стане нявызначанасці і страху страціць працу, а падатак на дармаедства выклікае «дадатковае раздражненне і абурэнне».

Яна паказвае, што, па разліках прыхільнікаў гэтага падатку, казна краіны павінна была атрымаць ад яго паступленняў прыкладна 100 млн даляраў. Аднак на справе гэтая сума складзе ў лепшым выпадку каля 5 млн даляраў, а выдаткі, звязаныя з выкананнем дэкрэта, у 100 разоў перавысяць гэтыя паступленні. «І гэта без уліку вельмі негатыўнага стаўлення людзей да падатку на дармаедаў і эрозіі даверу да ўлады, якую ён выклікае», — заўважае дэпутат.

«Улічваючы грубыя памылкі пры ацэнцы колькасці так званых дармаедаў, а таксама ацэнцы аб'ёму паступленняў ад іх у бюджэт,

Прымаючы пад увагу крызісны стан рынку працы ў прыватнасці і эканомікі краіны ў цэлым,

Абараняючы канстытуцыйныя правы грамадзян Беларусі,

Улічваючы сукупныя прамыя і ўскосныя выдаткі пры рэалізацыі дэкрэта № 3,

Зыходзячы з неабходнасці павялічыць самазанятасць насельніцтва, стварыць канструктыўную матывацыю для прадпрымальнікаў і інвестараў,

Лічачы важным паляпшэнне рэпутацыі Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне,

Я заклікаю вас адмяніць дэкрэт № 3 «Аб прадухіленні сацыяльнага ўтрыманства» ад 2 красавіка 2015 года. У выпадку неабходнасці я гатовая выкласці сваю пазіцыю ўсім зацікаўленым органам дзяржкіравання», - піша ў звароце Канапацкая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0