Чалавечым фактарам патлумачыў скаргі грамадзян, якія памылкова атрымалі апавяшчэнне аб выплаце збору на фінансаванне дзяржвыдаткаў («падатку на дармаедства»), начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька.

«Быў шэраг недакладнасцяў і недахопаў пры фарміраванні базы плацельшчыкаў. База сфарміравана, гаворка ідзе пра якасць прадастаўлення звестак у гэту базу. Чаму часам паведамленні накіроўваюцца і потым грамадзяне даюць нейкія тлумачэнні? Асноўная праблема на сённяшні дзень у тым, што ў шэрагу выпадкаў інфармацыя аб тым, што грамадзянін удзельнічаў у фінансаванні дзяржвыдаткаў, даецца самім грамадзянінам», — заявіў Расолька 13 студзеня на прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БелТА.

Ён растлумачыў, што мае на ўвазе сітуацыі, калі людзі знаходзяцца працяглы час на лячэнні і з'яўляюцца непрацаздольнымі, але ў гэтым кірунку МПЗ цяпер супрацоўнічае з установамі аховы здароўя, каб тыя перадавалі звесткі самі ў электронным выглядзе. Таксама гаворка ідзе пра беларускіх грамадзян, якія працуюць у Расіі. У гэтых выпадках падатковыя органы змогуць атрымаць інфармацыю толькі ад саміх грамадзян.

Каментуючы факты накіравання паведамленняў аб выплаце падатку на дармаедства студэнтам, Расолька адзначыў: «Калі па нейкай прычыне адбыўся нейкі збой, на жаль, гэта чалавечы фактар. Былі моманты, калі ў дачыненні да асобных студэнтаў інфармацыя не паступала, але гэта памылкі нейкія. Бо падаецца не прозвішча, імя і імя па бацьку, а толькі ідэнтыфікацыйны нумар».

Паводле слоў чыноўніка, падаткавікі праводзяць тлумачальную працу з тымі, хто дае няякасныя звесткі ў базу плацельшчыкаў, і даносяць да іх, што «цана памылкі ў адной лічбе вельмі сур'ёзная».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0