Беларусь і Судан абмяркоўваюць магчымасць удзелу беларускіх прадпрыемстваў у разведцы і распрацоўцы нафтавых і газавых радовішчаў Судана. Пра гэта ў інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1» паведаміў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка, паведамляе БЕЛТА.

«Ёсць тэма для размовы па даразведцы і здабычы нафты і газу, удзелу ва ўсіх гэтых працэсах», - удакладніў віцэ-прэм'ер. Абмяркоўваюцца таксама магчымасці пастаўкі ў Судан абсталявання беларускай вытворчасці для гэтых мэтаў. «У нас ёсць абсталяванне і для нафтагазавай разведкі, і для нафтагазаздабычы — гэта значыць у самым розным плане мы можам супрацоўнічаць», — дадаў Уладзімір Сямашка.

Акрамя партнёрства ў паліўна-энергетычнай сферы, бакі разглядаюць перспектывы ўзаемадзеяння ў іншых галінах эканомікі, у тым ліку ў машынабудаванні і сельскай гаспадарцы.

Як праінфармаваў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Егіпце і Судане па сумяшчальніцтве Сяргей Рачкоў, Беларусь гатова развіваць супрацоўніцтва з Суданам па цэлым шэрагу кірункаў. «Візіт прэзідэнта ў Судан можна аднесці да знакавых візітаў. Эканамічны эфект - гэта кантракты на агульную суму больш як $ 40 млн. Спадзяюся, гэтая сума будзе падвоеная, а, можа быць, нават і патроеная літаральна на працягу года», - сказаў ён

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0