Пра гэта напісана ў адказе на зварот маці школьніка ў Адміністрацыю прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У лісце таксама напісаныя і спачуванні жанчыне, паведамляе Intex-press. 

Таццяна — маці вучня адной з баранавіцкіх школ, які скончыў жыццё самагубствам 22 снежня — лічыць, што ў яго смерці вінаватая школа. Таццяна і іншыя сваякі ўпэўненыя, што хлопчыка аднакласнікі цкавалі, а на савеце прафілактыкі 21 снежня адміністрацыя школы пагражала яму тэрмінам у калоніі.

Таццяна звярнулася ў Генпракуратуру і Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай аб дапамозе ў расследаванні справы. Жанчына хоча, каб «каб вінаватыя панеслі пакаранне».

6 студзеня Таццяне прыйшоў адказ з Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь:

«Ваш зварот, які паступіў у Адміністрацыю прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, накіраваны ўпраўленню Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці з даручэннем паведаміць Вам аб выніках разгляду».

7 студзеня прыйшоў і дадатак да першага ліста:

«У дадатак да нашага ліста ад 6 студзеня 2017 года паведамляем, што Ваш зварот пастаўлены на кантроль у Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Прыміце нашы спачуванні…».

Таксама Таццяне прыйшоў і адказ з Генпракуратуры, у якім сказана, што зварот Таццяны «аб устанаўленні асоб, вінаватых, па яе думку, у смерці сына, і прыцягненні іх да адказнасці» накіраваны ў абласную пракуратуру.

У сваю чаргу абласная пракуратура, як відаць з яшчэ аднаго ліста, таксама накіравала зварот Таццяны ва Упраўленне Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці «для разгляду па кампетэнцыі». Пры гэтым прозвішча загінулага падлетка ў лісце з Пракуратуры Брэсцкай вобласці напісанае няправільна.

У прэс-службе Упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці паведамілі, што расследаванне па факце гібелі баранавіцкага падлетка працягваецца.

У Адміністрацыі прэзідэнта адзначылі, што пастаноўка звароту Таццяны на кантроль азначае, што ў Адміністрацыі будуць сачыць за разглядам справы кампетэнтнымі органамі.

— Натуральна, пытанне праваахоўных органаў Адміністрацыя прэзідэнта не разглядае. У выпадку, калі пытанне вельмі сур'ёзнае, мы просім орган, у які накіраваны зварот, праінфармаваць нас, як разглядаецца пытанне. Безумоўна, гэты выпадак — гэта трагедыя, — паведамілі ў галоўным Упраўленні па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0