Ужо як паўгода інтэрнэт аблятаюць відэа, дзе невядомы хлопец скача са скал і дахаў гатэляў у ваду. Ягоныя трукі збіраюць мільёны праглядаў на YouTube. Вось, напрыклад, адзін з самых першых ролікаў на ягоным канале «xo 8Booth», які вы дакладна бачылі дзесьці ў інтэрнэце:

«Наша Ніва» распавядае вам усё, што пра яго вядома. 

Хто гэта?

«8Booth» працуе ананімна, бо пранікае ў будынкі гатэляў і жылых дамоў нелегальна. Таму летась паліцыя занялася хлопцам і выставіла абвінавачванне ў несанкцыянаваных пранікненнях у жыллё і ўварваннях з намерам перашкодзіць чужым справам. Экстрэмалам аказаўся 28-гадовы жыхар Каліфорніі, а яго сапраўднае імя — Энтані Армер.

Што ён робіць?

Скача з дахаў будынкаў у ваду. Экстрэмал шукае цяжка даступныя месцы, якія знаходзяцца побач з басейнамі, і спрабуе скокнуць з 5-6 паверха, каб прызямліцца ў ваду. Аднойчы «8Booth» паспрабаваў скокнуць са скалы, што ледзь не скончылася трагічна для самога хлопца. Вось гэтае відэа:

Навошта яму гэта трэба?

Прафесійныя скакуны адзначаюць, што трукі, выкананыя «8Booth», зробленыя абсалютна непрафесійна. Зразумела, што, калі гэтыя ролікі трапляюць на YouTube, Энтані хоча такім чынам здабыць папулярнасць. За два гады на канал падпісаліся 200 тысяч чалавек, а ўсе ягоныя відэа агулам маюць 27 мільёнаў праглядаў. Некаторыя амерыканскія СМІ заяўлялі, што «8Booth» заключае пары на грошы, якія пасля аддае на дабрачыннасць. Але сам экстрэмал афіцыйна пра гэта ніколі не заяўляў.

Чаму ён больш не будзе гэтага рабіць?

Бо апошні скачок каштаваў экстрэмалу дзвюх паламаных ног.

У каліфарнійскім горадзе Лагуна-Біч смяльчак забраўся на дах гатэля Pacific Edge і не разлічыў траекторыю. Для выканання гэтага трука яму трэба было скокнуць на 5-6 метраў у даўжыню. На ягоным канале з'явілася відэа няўдалага падзення:

На відэа відаць, што Энтані не хапіла літаральна некалькіх метраў, каб паспяхова прызямліцца ў ваду. У выніку экстрэмал атрымаў шматлікія пераломы абедзвюх ног. Цяпер ён збірае грошы на лячэнне. Каб пакрыць выдаткі, яму трэба сабраць 22 тысячы даляраў.

На поўную рэабілітацыю спатрэбіцца некалькі год, псіхалагічна скакаць непрафесійна далей будзе цяжэй, а любыя наступныя траўмы ног могуць быць фатальнымі для экстрэмала.

Хаця сам Энтані ў сваім звароце заявіў: «Проста шукаю падтрымкі, каб працягваць рабіць тое, што я раблю, інакш я буду працаваць да канца свайго жыцця, каб аплаціць гэтыя рахункі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?