Паводле падатковай дэкларацыі за 2015 год, Сяргей Караткіх мае паўтары кватэры, самалёт і пазычае знаёмым па паўмільёна даляраў.

Сяргей Малюта Караткіх — чалавек з багатай і сумнеўнай біяграфіяй. Ультраправы актывіст, сябар расейскага неанацыста Цесака, ён урэшце ваяваў ва Украіне ў батальёне «Азоў», быў выведнікам з пазыўным «Боцман».

У 2014 годзе Караткіх атрымаў украінскае грамадзянства з рук Пятра Парашэнкі.

Украінскае грамадзянства Караткіх атрымаў 5 снежня 2014 года. Фота — depo.ua

Украінскае грамадзянства Караткіх атрымаў 5 снежня 2014 года. Фота — depo.ua

Летась Малюта ўзначаліў аддзел аховы аб'ектаў стратэгічнага прызначэння паліцыі Украіны. Адпаведна, мусіў падаць дэкларацыю за 2015 год. Звесткі ў дэкларацыі аказаліся нечаканыя.

Афіцыйны заробак Сяргея Караткіх складаў 6,5 тысячы грыўняў штомесяц ($237 па цяперашнім курсе).

Аднак жыў ён відавочна не па сродках.

У 2015 годзе Малюта спачатку набыў палову кватэры плошчай каля 75 квадратных метраў у прыгарадзе Кіева. Жыллё каштавала прыкладна $16 тысяч.

Пасля была яшчэ адна кватэра, плошчай 69 метраў. Гэтая нерухомасць каштавала каля $50 тысяч.

Таксама ў маі 2015 года Караткіх парадаваў сябе ўласным самалётам. Ён набыў рэмкамплект Л-39 «Альбатрос» 1982 года выпуску — гэта вучэбна-баявы невялікі самалёт, чэшскай вытворчасці. «Малюта» заплаціў за яго каля $1,2 тысячы.

Л-39 «Альбатрос». Фота — аviabvvaul.narod.ru

Л-39 «Альбатрос». Фота — аviabvvaul.narod.ru

Але і гэта не ўсё. Згодна з дэкларацыяй, Сяргей Караткіх захоўвае $223 тысяч, 135 тысяч еўра і 500 тысяч грыўняў, а яшчэ 565 тысяч еўра ён пазычыў трэцяй асобе. Агулам атрымліваецца каля $1 мільёна.

Таксама ў Караткіх ёсць гадзіннік невядомай маркі за $5 тысяч і каштоўная аўтаручка Montegrappa за $4,3 тысяч. Яна праходзіць у дэкларацыі як «ювелірны выраб».

Сяргей Малюта Кароткіх нарадзіўся ў Тальяці ў 1974 годзе, але потым пераехаў разам з бацькамі ў Беларусь. З 1992 па 1994 служыў у беларускай арміі, атрымаў спецыяльнасць спецыяліста тэхнічных сродкаў выведкі. Служыў ён у выведвальным батальёне. Пасля службы ў войску паступіў у школу КДБ. Адвучыўся там 2 гады, але вылецеў з вучобы з-за сваіх сувязяў з радыкальнымі групоўкамі.

Караткіх быў вядомы і як адзін з лідараў Нацыянал-сацыялістычнага таварыства (НСО) — аднаго з найбуйнейшых ультраправых аб'яднанняў у Расіі.

Таксама Караткіх — стрыечны брат спецназаўца Валерыя Ігнатовіча, асуджанага на пажыццёвы тэрмін за выкраданне аператара ОРТ Дзмітрыя Завадскага.

Акрамя таго, Малюту абвінавачваюць ва ўдзеле ў збіцці беларускіх апазіцыянераў у 1999 годзе, а потым — у 2013 годзе — у крывавым канфлікце з беларускімі антыфашыстамі. У ранейшыя часы некаторыя абвінавачвалі яго і ў сувязях са спецслужбамі.

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?