Рагачоўскі раённы аддзел Следчага камітэта правёў праверку па факце смерці жыхаркі Рагачова 1962 года нараджэння, падчас якой не ўстанавіў даных, якія сведчаць пра давядзенне кім-небудзь жанчыны да самагубства. Пра гэта паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення СК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава.

Яна паведаміла, што 3 лістапада ўладальнік прыватнага дома знайшоў на верандзе ў павешаным стане без прыкмет жыцця сваю сястру. Пра гэта мужчына неадкладна паведаміў праваахоўнікам. Шэраг інтэрнэт-рэсурсаў напісалі, што яна пакончыла з сабой пасля атрымання ліста з падатковай з патрабаваннем аплаціць збор на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў.

Падчас праверкі Рагачоўскім РАСК устаноўлена, што жанчына пражывала адна ў былой бацькоўскай хаце. Муж памерлай пайшоў з жыцця некалькі гадоў таму, дачка працуе ў Расійскай Федэрацыі, сын адбывае пакаранне ў месцах пазбаўлення волі.

Каля двух гадоў жыхарка райцэнтра нідзе не працавала, у аддзел занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама для рэгістрацыі ў якасці беспрацоўнага не звярталася.

Апытаныя сваякі і знаёмыя растлумачылі, што жанчына доўгі час злоўжывала спіртным, некалькі разоў кадзіравалася ад алкагольнай залежнасці, неаднаразова выказвала намер учыніць самагубства.

Згодна з заключэннем судова-медыцынскай экспертызы, смерць жанчыны наступіла ў выніку здушвання шыі пятлёй пры павешанні. У крыві памерлай знойдзены этылавы спірт у колькасці 2,3 праміле.

Рагачоўскім РАСК устаноўлена, што смерць жанчыны наступіла ў выніку самагубства. Прычынай суіцыду стаў дэпрэсіўны стан, абвостраны злоўжываннем спіртнымі напоямі.

Інфармацыя, размешчаная на адным з рэгіянальных інтэрнэт-рэсурсаў, аб тым, што сярод прычын самагубства жыхаркі Рагачова — атрыманне паведамлення з падатковых органаў, не адпавядае рэчаіснасці, заявілі следчыя. «Дакладна ўстаноўлена, што пры жыцці жанчына не атрымлівала паведамлення аб выплаце збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў за 2015 год», — падкрэслівае УСК па Гомельскай вобласці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0