У Беларусі ў 2016 годзе ўведзена ў эксплуатацыю за кошт усіх крыніц фінансавання 4 млн 285,7 тыс. квадратных метраў жылля — на 15,2% менш у параўнанні з 2015 годам, сведчаць дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Аднак заданне перавыканана: у 2016 годзе планавалася пабудаваць 4 млн кв. м жылля.

У снежні пабудавана 456,2 тыс. кв. м жылля (на 6,1% больш, чым у снежні 2015 года, і на 46,3% больш, чым у лістападзе 2016-га).

З агульнага аб'ёму ўведзенага жылля для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, пабудавана з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі 991,3 тыс. кв. м (на 38,5% менш), у тым ліку ў снежні — 87,8 тыс. кв. м (на 26,3% менш, чым у снежні 2015 года, і на 10,9% больш, чым у лістападзе 2016-га).

У Мінску за мінулы год у строй уведзена 777,2 тыс. кв. м жылля, што на 24,9% менш, чым у 2015 годзе. У снежні пабудавана 132,7 тыс. кв. м (на 18,7% менш, чым у снежні 2015 года і ў 4,4 разу больш, чым у лістападзе 2016-га).

Аб скарачэнні агульнага гадавога аб'ёму будаўніцтва жылля ў Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва заяўлялі яшчэ ўлетку 2016 года. На прэс-канферэнцыі 4 жніўня міністр Анатоль Чорны сказаў: «На 500 тыс. пакуль плануецца менш [пабудаваць жылля]. <…> Усё залежыць ад таго, як скончыцца наша планаванне бюджэту». Паводле яго слоў, на той момант лічба 3,5 млн кв. м не задавальняла прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова.

Як заявіў начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Горваль, перавышэнне гадавога задання будаўніцтва жылля адбылося за кошт большых аб'ёмаў будаўніцтва, чым планавалася, індывідуальных дамоў, а таксама дамоў, пабудаваных прыватнымі і дзяржаўнымі кампаніямі. «Трэба ўлічыць і тое, што больш эфектыўна выкарыстоўваліся сродкі: кошт квадратнага метра амаль не вырас, тады як прагназавалі яго значны рост, а адбыўся нязначны. І гэта адбілася», — лічыць Горваль.

У 2017 годзе ў Беларусі плануецца пабудаваць 3,5 млн кв. м жылля. Аб'ёмы фінансавання будаўніцтва з усіх крыніц складуць 3,7 млрд рублёў. Ва ўрадзе разлічваюць, што гадавая праграма будаўніцтва жылля будзе на 77% прафінансавана з уласных сродкаў насельніцтва.

З нагоды ўкаранення новых інструментаў фінансавання жылля (іпатэка, жыллёвыя аблігацыі) Горваль адзначыў: «Ёсць планы наконт стварэння Нацыянальнага іпатэчнага агенцтва, якое можа стаць нацыянальным аператарам па практычнай рэалізацыі напрацаванага заканадаўства. Мы вярнуліся да фарміравання заканадаўства па жыллёва-будаўнічых зберажэннях. Але гэта не імгненныя механізмы, якія ўжо заўтра дадуць аддачу. Па зберажэннях павінен прайсці перыяд назапашвання ў грамадзян, каб атрымаць права на крэдытаванне. А гэта некалькі гадоў. Праца паскорылася. Актывізавалася праца па пытанні фінансавання жыллёвага будаўніцтва і ў іншых камерцыйных банках, а не толькі ў «Беларусбанку».

Пры гэтым эксперт падкрэсліў, што аб'ёмы жыллёвага будаўніцтва залежаць не ад будаўнікоў, а ад фінансавання. Вытворчая будаўнічая база дазваляе будаваць 10 млн кв. м жылля ў год. «Будзе больш грошай, будзем больш будаваць», — сказаў прадстаўнік Мінбудархітэктуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?