sb.by

sb.by

Пісьменніца Святлана Алексіевіч пералічыла абяцаныя ёю 5 тыс. долараў на стварэнне музея Алеся Адамовіча ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці.

Як паведамлялася раней, 5 лістапада 2016 года ў Магілёве адбыўся круглы стол «Музей Алеся Адамовіча: супрацоўніцтва грамадскасці і ўлады», закліканы актывізаваць збор сродкаў на музей пісьменніка. У ходзе гэтага мерапрыемства быў створаны грамадскі савет пры абласной арганізацыі «Таварыства беларускай мовы», задачай якога з'яўляецца арганізацыя працы па зборы грошай. У зачытаным на круглым стале прывітанні ад пісьменніцы Святланы Алексіевіч гаварылася, што нобелеўская лаўрэатка пералічыць на стварэнне музея 5 тыс. долараў.

Аб пералічэнні грошай БелаПАН паведаміла ініцыятар круглага стала і збору сродкаў на стварэнне музея — журналістка газеты «Звязда» Нэлі Зігуля.

Таксама яна сказала, што грошы пералічыла і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

Паводле слоў Зігулі, найбліжэйшым часам павінен прайсці тэндар на стварэнне праектна-каштарыснай дакументацыі для рэстаўрацыі будынка ў вёсцы Глуша Бабруйскага раёна, дзе плануецца стварыць музей.

Як заяўляў на круглым стале прадстаўнік магілёўскага Цэнтра па рэстаўрацыі Марат Абдулін, на выраб праектна-каштарыснай дакументацыі неабходна каля 12 тыс. рублёў. Цяпер, па сцвярджэнні Нэлі Зігулі, сабрана больш 11,5 тыс. рублёў.

Адзначым, што ідэя стварыць музей Алеся Адамовіча належыць сябрам і землякам пісьменніка. Паводле слоў дачкі пісьменніка Наталлі, гэтае пытанне пачало абмяркоўвацца яшчэ падчас пахавання пісьменніка ў 1994 годзе. Толькі ў канцы лютага 2016 года ўлады Бабруйскага раёна адкрылі дабрачынны рахунак для збору сродкаў на стварэнне музея Алеся Адамовіча на яго малой радзіме ў вёсцы Глуша.

Ахвотныя пералічыць грошы на стварэнне музея павінны настойваць у банках на ўказанні ў прызначэнні плацяжу доўгага запісу: «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў п. Глуша пад музей А. Адамовіча».

Рэквізіты для пераводу грошай: аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама. Разліковы рахунак 3642129272326 у філіяле 703 ААТ «АСБ» Беларусбанк «, код 706, Бабруйск, 701226324 УНП.

Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?